Арцыбіскуп Барселоны кардынал Хуан Хасэ Амелья аб’явіў пра рэформу галоўнай каталонскай архідыяцэзіі і заснаваў спецыяльную камісію для стварэння працоўнага дакумента па рэалізацыі рэформы.
Як паведамляе sib-catholic.ru са спасылкай на Vatican News, ідэя рэарганізацыі касцёльнага жыцця ўзнікла паўтара гады таму. На днях архідыяцэзія Барселоны прадставіла праект, які будзе cкіраваны на разгляд біскупскай рады, святарскай рады, дыяцэзіяльных і парафіяльных радаў.
Пакуль яшчэ не ўхваленая рэформа прадугледжвае аб’яднанне 208 парафій у 48 «пастырскіх супольнасцяў». Кожная супольнасць будзе ўключаць ад 3 да 6 парафій, адна з якіх стане цэнтральнай.
У паведамленні архідыяцэзіі абвяргаюцца выказаныя раней меркаванні, што 160 касцёлаў будуць зачынены. Святыні застануцца адчыненымі, падкрэсліваецца ў дакуменце, аднак будзе адменена канцэпцыя парафіяльнага пробашча, «замацаванага» за адным касцёлам, які нясе выключную адказнасць за парафіяльнае жыццё.
На думку біскупаў, гэта паспрыяе ўмацаванню парафіяльнай працы і сінадальнасці сярод святароў, вернікаў, кансэкраваных асоб і дыяканаў.
Прычынай рэформы названы перш за ўсё крызіс пакліканняў, асабліва заўважальны менавіта ў Каталоніі. Як тлумачыцца ў паведамленні архідыяцэзіі, Касцёл вымушаны перагледзець спосаб сваёй прысутнасці ў Іспаніі і ўдасканаліць размеркаванне пастырскіх рэсурсаў, каб дасягнуць найбольшай душпастырскай эфектыўнасці.