У Гістарычным музеі Каталоніі адкрылася выстаўка, на якой можна будзе даведацца пра паходжанне і лад жыцця тампліераў — прадстаўнікоў духоўна-рыцарскага ордэна, пра які складзена шмат містычных легенд.
Аднак музейная экспазіцыя, якая будзе працаваць да 23 ліпеня, ставіць за мэту зняць усе таяніцы з Ордэна бедных рыцараў Хрыста і паказаць, што іх рэальнае жыццё было цалкам іншым.
Пра што раскажа экспазіцыя?
У рэальнасці тампліеры першапачаткова былі такімі ж нявіннымі, беднымі і паслухмянымі манахамі, як і ўсе астатнія, і бралі ў рукі зброю толькі для ўдзелу ў войнах з «нявернымі» — пераважна мусульманамі. Тым, хто загіне ў баі за веру, абяцалася вечнае выратаванне душы, а ўдзел у Крыжовых паходах прыраўнівалася да пілігрымкі ў святыя месцы.
Пазней кароль Балдуін ІІ Ерузалемскі прапанаваў ім размясціцца ў сваім замку, дзе, на яго думку, раней знаходзілася святыня Саламона; адсюль і пайшла назва ордэна — «храмоўнікі».
Ніхто з тампліераў не належаў да вышэйшага касцёльнага стану, не меў права цэлебраваць Імшу і ўдзяляць сакрамэнты; пераважная большасць рыцараў не толькі не ведалі латыні, але нават не ўмелі чытаць і пісаць.
Пры гэтым яны дзяліліся на дзве катэгорыі, у адну з якіх траплялі сыны знаці, а ў другую — усе астатнія, ад сялян да заможнай гарадской буржуазіі. У канцы XIII стагоддзя ўплыў тампліераў рэзка пайшоў на спад, яны былі абвінавачаныя ў хцівасці, аб’яўлены ерэтыкамі і садамітамі і ў 1312 годзе спынілі сваё існаванне ў якасці касцёльнага ордэна.