23 красавіка ў Рыме ва ўзросце 31 года памёр ад лейкіміі нігерыйскі новапрэзбітэр Лівінус Эзомчы Намані. Святарскае пасвячэнне Намані прыняў у шпітальнай палаце ў Вялікі чацвер, 1 красавіка, па спецыяльным дазволе Папы Францішка.
Як паведамляе blagovest-info.ru са спасылкай на агенцтва CNA, апошнія 23 дні свайго жыцця новапрэзбітэр прысвяціў цэлебрацыі святой Імшы са шпітальнага ложка.
«Шпітальны ложак стаў для яго алтаром, які дазволіў яму з’яднаць свае пакуты з цярпеннямі Хрыста. Ён пражываў кожную Эўхарыстыю неверагодна моцна, даючы прыклад усім святарам, — адзначыў для Roma Sette айцец Давідэ Карбанара. — Яго яднанне з ахвярай Хрыста вучыць нас служыць і цэлебраваць (святую Імшу — заўв. рэд.) больш свядома».
Апошнія два гады семінарыст з Нігерыі Лівінус Намані з’яўляўся студэнтам Папскага ўніверсітэта святога Тамаша Аквінскага (Angelicum) і адначасова праходзіў курс лячэння ад лейкеміі ў італьянскім шпіталі.
Служэнне айцец Лівінус распачаў з уступлення ў Нігерыі ў манаскі ордэн Рэгулярных святароў Божай Маці (Order of the Mother of God of Lucca) дзесяць гадоў таму, а вечныя манаскія абяцанні прынёс у верасні мінулага года.
У сувязі з пагаршэннем стану здароўя, Намані звярнуўся да Папы Францішка з просьбай прыспешыць яго святарскае пасвячэнне.
31 сакавіка Пантыфік даў дазвол на пасвячэнне, якое было ўдзелена на наступны ж дзень — у Вялікі чацвер. Дапаможны біскуп Рыма Даніэле Лібаноры SI удзяліў Намані сакрамэнт у рымскім шпіталі.
«Стаўшы святаром, ты з’яднаешся з Езусам, аддаўшы Яму ўсяго сябе дарэшты. Гэта найвышэйшы пункт у святарстве, калі акрамя хлеба і віна мы можам прынесці Богу сябе цалкам, аддаць Яму ўсё сваё жыццё», — адзначыў біскуп Лібаноры ў сваім пастырскім настаўленні.
Сваё служэнне новапрэзбітэр распачаў з благаслаўлення ўрачоў і медперсаналу шпіталю. 23 красавіка, памаліўшыся Вяночак да Божай міласэрнасці, новапрэзбітэр адышоў у вечнасць.
Айцец Лівінус Эзомчы Намані будзе пахаваны ў родным горадзе ў Нігерыі.