Пошук

15.04.2021 13:03   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by
Фота EPA. Ілюстрацыйная выява.

З прычыны росту напружання на ўкраінска-расійскай мяжы і пагрозы аднаўлення ваенных дзеянняў у гэтым рэгіёне Агульнаўкраінская рада Цэркваў і рэлігійных арганізацый апублікавала 12 красавіка спецыяльную заяву, у якой заклікае «да пошуку шляхоў мірнага вырашэння» канфлікту.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, ва ўступе аўтары ўказваюць на абвастрэнне сітуацыі ў Данецкай і Луганскай вобласцях на ўсходзе Украіны і «парушэнне рэжыму спынення агню, што зноў прывяло да непапраўных людскіх страт, а таксама выклікала глыбокі боль і чалавечыя цярпенні».

Рада заклікае «ўсіх, у чыёй уладзе і кампетэнцыі спыненне агню і перастрэлак, знайсці ў сабе дастаткова сілы і адвагі, каб аднавіць абвешчаныя раней абавязацельствы да пошуку шляхоў мірнага вырашэння» канфлікту.

«Напярэдадні аднаго з самых вялікіх хрысціянскіх святаў — Вялікадня (па юліянскім календары — Заўв. рэд.), — адзначаецца ў дакуменце, — просім праявіць мудрасць і мужнасць, каб у гэты час над нашай зямлёй разносіліся водгукі ўрачыстых велікодных спеваў, а не стрэлаў».

«Прызнаючы важнасць раней дасягнутых дамоўленасцяў аб спыненні агню», прадстаўнікі Цэркваў і рэлігійных арганізацый Украіны заклікаюць бакі канфлікту быць вернымі абвешчаным дамоўленасцям і «неадкладна выдаліць усе перашкоды на шляху да мірнага вырашэння сітуацыі на ўсходзе Украіны і канчатковага спынення ваенных дзеянняў і праліцця крыві».

Рэлігійныя лідары Украіны заклікалі таксама прадстаўнікоў міжнародных устаноў і дыпламатычнага корпусу ў краіне да «праяўлення непахіснай цвёрдасці і рашучай адданасці справе аднаўлення дыпламатычнага працэсу ўрэгулявання ваеннага канфлікту, а таксама вяртання справядлівага міру на ўсёй тэрыторыі нашай дзяржавы, у яе прызнаных на міжнародным узроўні межах».

Ад імя ўсіх членаў рады дакумент падпісаў яе старшыня кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны арцыбіскуп Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук

Нагадаем, у сакавіку на ўсходзе Украіны аднавіліся баявыя дзеянні. Перамір’е было сарвана, пачаліся абстрэлы і сутыкненні, якія вядуць да гібелі людзей. У канцы сакавіка The New York Times са спасылкай на неназваную крыніцу паведаміла, што да мяжы з Украінай накіраваны прыкладна чатыры тысячы расійскіх вайскоўцаў. Як паведамляе rbc.ru, 6 красавіка ўкраінскія ўзброеныя сілы аб’явілі зборы падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны. У той жа дзень расійскі міністр абароны Сяргей Шайгу аб’явіў аб праверцы баегатоўнасці арміі.

Абноўлена 15.04.2021 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.