![](/3/images/news/2021/04/2021-04-09-EySgnhkXMAYlieT.jpg)
8 красавіка ў сталіцы Уганды Кампале прайшло пахаванне мясцовага каталіцкага Мітрапаліт Цыпрыяна Кізіта Луангі, які памёр пры невысветленых абставінах напярэдадні Пасхі.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, цела іерарха было знойдзена 3 красавіка ў яго кватэры, і навіна пра яго нечаканую смерць узрушыла не толькі католікаў, а ўсю Уганду. Спачылы арцыбіскуп Луанга быў вядомы сваёй сацыяльнай актыўнасцю, скіраванай на абарону людзей бедных і маргіналізаваных.
Іерарх часта крытыкаваў улады краіны, абвінавачваючы іх у карупцыі і ў абыякавасці да лёсу найбольш патрабуючых. Пахаванне памерлага прайшло ў сталічнай катэдры Маці Божай і Найсвяцейшага Сэрца.
Ад імя ўсяго епіскапату краіны біскуп Джозэф Антоні Дзіва, Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Уганды, выказаў глыбокі смутак з прычыны смерці арцыбіскупа. Прэзідэнт краіны Ёвэры Мусэвэні таксама напісаў у «Твітары»: «З глыбокім смуткам я даведаўся пра смерць арцыбіскупа Кампалы Цыпрыяна Кізіта Луангі. Я яднаюся з Каталіцкім Касцёлам, усімі вернікамі і ўсёй краінай. Ён памёр у веры».
2 красавіка ўгандыйскі Мітрапаліт узяў удзел у Крыжовым шляху ў англіканскім саборы святога Паўла ў Кампале. Яе арганізавала Аб’яднаная рада хрысціянаў Уганды, у якую ўваходзяць Каталіцкі Касцёл, Праваслаўная і Англіканская Цэрквы.
Спачылы арцыбіскуп не раз выклікаў гнеў дзяржаўных чыноўнікаў, калі асуджаў праявы несправядлівасці і злоўжыванні з боку ўладаў.
У 2018 годзе ён абвінаваціў урад у вербаванні святароў і законніц для шпіянажу. Паводле яго словаў, яму патэлефанаваў невядомы мужчына і сказаў, што ўлады лічаць, што Луанга вядзе «антыўрадавую дзейнасць». Іерарх рэзка асуджаў карупцыю, выкраданні людзей, знікнення і забойствы, звязаныя са студзеньскімі прэзідэнцкімі выбарамі ва Угандзе.
У сваёй апошняй, як аказалася, публічнай прамове ў Вялікую пятніцу 2 красавіка арцыбіскуп Луанга сказаў, што знікненне людзей — асабліва моладзі — выклікае гнеў, падзелы і занепакоенасць сярод грамадзян і парушае правы чалавека.
«Мы занепакоеныя тым, што непавага да дадзеных Богам правоў і свабод аслабіць нашу грамадскую згоду, сацыяльнае адзінства і адказнае кіраванне», — перасцярог арцыбіскуп.
Некалькі разоў, як да, так і пасля выбараў 14 студзеня, ён выказваў меркаванне, што яго могуць забіць за крытыку ўладаў. Рэлігійныя, палітычныя і грамадскія лідары ўшанавалі памяць памерлага каталіцкага іерарха. Арцыбіскуп Гулу Джон-Бэптыст Одама падкрэсліў, што смерць Луангі стала незаменнай стратай для Каталіцкага Касцёла Уганды.
![](/3/images/news/2021/04/2021-04-09-MIK9911.jpg)
Цыпрыян Кізіта Луанга нарадзіўся 19 студзеня 1953 г. у Кабакадэ ў рэгіёне Буганда, што ў паўднёва-ўсходняй частцы краіны. У 1964 г. паступіў у семінарыю ў Нэнге, вучыўся таксама ў Нацыянальнай семінарыі ў Кампале. 8 красавіка 1978 г. прыняў святарскае пасвячэнне, пасля чаго нёс душпастырскае служэнне ў архідыяцэзіі Кампалы і працягваў навучанне. У 1979 г. кс. Луанга вывучаў адміністрацыю і лінгвістыку ва Універсітэце Клермон-Ферана ў Францыі, а пазней вучыўся ў Папскім універсітэце Святога Крыжа ў Рыме, дзе ў 1994 годзе атрымаў ступень доктара кананічнага права.
30 лістапада 1996 г. св. Ян Павел ІІ прызначыў яго першым біскупам новастворанай дыяцэзіі Касаны-Лувэра. Біскупскае пасвячэнне атрымаў 1 сакавіка 1997 г. з рук кардынала Эмануэля Вамалы, стаўшы ў 2006 г. яго наступнікам на пасадзе арцыбіскупа Кампалы.
2 лютага 2020 г. арцыбіскуп Луанга выдаў дэкрэт, якім абавязаў вернікаў сваёй архідыяцэзіі прымаць святую Камунію ў вусны, а не на руку.