
6 сакавіка, у вігілію Трэцяй нядзелі Вялікага посту, у маскоўскім кляштары братоў францішканаў адбылася чарговая святая Імша па-беларуску для беларусаў Масквы і бліжэйшага наваколля.
Цэлебраваў Эўхарыстыю айцец Пётр Карнялюк OFM Conv.
У Імшы бралі ўдзел не толькі беларусы-католікі з розных парафій Масквы, але і госці з Беларусі, а таксама вернікі іншых хрысціянскіх канфесій.
Удзельнікі літургіі вельмі ўдзячныя айцу Пятру за праніклівыя словы казання на роднай мове; за тое, што ён узяў на сябе абавязак пастаянна апекавацца вернікамі-беларусамі маскоўскага рэгіёну. Пастырскія сустрэчы, якія душпастыр арганізуае ў Францішканскім цэнтры, сталі ўжо добрай традыцыяй.
Варта адзначыць, што на Імшы, якая цэлебруецца па-беларуску ў сталіцы Расіі, збіраюцца католікі як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў.
Супольнасць маскоўскіх католікаў асабліва ўдзячная таксама Вользе Хруль за зробленыя ёю фотаздымкі; за тое, што яна вядзе і захоўвае фотаархіў усіх сустрэч, пачынаючы з першай Імшы на беларускай мове, якая пасля доўгага перапынку цэлебравалася ў Маскве.





































