Пошук

28.01.2021 16:25   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Арцыбіскуп Сальваторэ Кардылеонэ. Фота: CNS / Bob Roller

На неабходнасць годна прымаць святую Камунію звярнуў увагу арцыбіскуп Сан-Францыска Сальваторэ Джозэф Кардылеонэ, узгадаўшы нядаўняе папярэджанне, зробленае спікеру Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША каталічцы Нэнсі Пэлосі.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у інтэрв’ю, што выйшла ў эфір на тэлеканале EWTN увечары 27 студзеня, іерарх растлумачыў прычыны, якія прымусілі яго зрабіць заўвагу высокапастаўленай асобе.

У прыватнасці, арцыбіскуп растлумачыў, у якім выпадку неабходна адмовіць чалавеку ва ўдзяленні Камуніі для яго ж духоўнага дабра.

Амерыканскі іерарх заявіў, што шмат католікаў не разумеюць, што значыць годна прымаць святую Камунію. Да Эўхарыстыі часам ставяцца як да своеасаблівага «сімвалічнага жэсту гасціннасці, а таксама прыналежнасці да супольнасці». Пры гэтым арцыбіскуп Кардылеонэ падкрэсліў, што неабходна належным чынам усвядоміць вучэнне Касцёла пра Эўхарыстыю, каб зразумець значэнне адмаўлення ва ўдзяленні Камуніі грамадскаму дзеячу ці палітыку. На яго думку, найбольшая цяжкасць у гэтым звязана з недахопам веры ў сапраўдную і рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі.

Арцыбіскуп Сан-Францыска пракаментаваў сваю заяву ад 21 студзеня, скіраваную ім каталічцы Нэнсі Пэлосі, высокапастаўленай прадстаўніцы Дэмакратычнай партыі, якая паходзіць з даручанай яго пастырскаму кіраванню архідыяцэзіі.

У ім арцыпастыр нагадаў, што «ніводзін католік з чыстым сумленнем не можа падтрымліваць аборты», маючы на ўвазе публічную падтрымку спікерам Палаты прадстаўнікоў легальнага забойства ненароджаных, што з’яўляецца нібыта «правам жанчыны на выбар». Іерарх адзначыў, што яна не выказваецца «ад імя Каталіцкага Касцёла» і што яе фармулёўка «права на выбар» — гэта толькі «дымавая завеса для ўмацавання ўсёй прамысловасці [абортаў], якая атрымлівае прыбыткі ад аднаго з самых пачварных зол, якія толькі можна сабе ўявіць».

Арцыбіскуп Кардылеонэ спаслаўся пры гэтым на канон 915 Кодэксу кананічнага права, згодна з якім католікі, якія «ўпарта трываюць у яўным цяжкім граху, не павінны быць дапушчаныя да святой Камуніі».

У гэтым кантэксце іерарх узгадаў таксама ноту Кангрэгацыі Веравучэння ад 2004 года да амерыканскіх біскупаў, дзе ішла гаворка пра тое, што палітыкі-католікі, якія праводзяць кампаніі і галасуюць за законы, якія легалізуюць аборты, і падтрымліваюць падобнае цяжкае маральнае зло, павінны атрымаць «настаўленне» ад свайго пастыра (біскупа) адносна вучэння Касцёла.

Разам з тым іх належыць асцерагчы, што, калі яны працягнуць упарта гэтага трымацца, ім будзе адмоўлена ва ўдзяленні святой Камуніі. Калі яны паспрабуюць да яе прыступіць, той, хто ўдзяляе Камунію, павінен ім у гэтым адмовіць. Такая дысцыпліна тлумачыцца тым, што палітык-католік, які «паслядоўна праводзіць кампанію і галасуе за законы, якія дазваляюць аборты і эўтаназію», такім чынам «фармальна саўдзельнічае» ў цяжкім граху, прычым яго саўдзел у гэтым з’яўляецца відавочным.

Гаворачы канкрэтна пра пазіцыю па згаданых пытаннях Нэнсі Пэлосі, арцыбіскуп Кардылеонэ зазначыў, што яна не толькі супярэчыць вучэнню Касцёла, але таксама скандальным чынам парушае асноўныя правы чалавека, бо абарона чалавечага жыцця — гэта не толькі пытанне каталіцкай веры.

«Такім чынам, у нас ёсць палітычныя лідары, якія падтрымліваюць несправядлівасць, а людзі думаюць, што ўсё ў парадку, што католікі могуць так паступаць. Але гэта не так», — сцвердзіў у інтэрв’ю на тэлеканале EWTN арцыбіскуп Сан-Францыска Сальваторэ Кардылеонэ.

Абноўлена 28.01.2021 16:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця