Каб працягваць катэхізацыю дзяцей у час пандэміі і зацікавіць іх Словам Божым, у Польшчы ствараюць серыю відэа для самых маленькіх «Евангелле з задумкай», якая стартуе на YouTube 26 лістапада.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, чарговыя эпізоды будуць публікавацца кожны чацвер.
Такім чынам зацікавіць малых словам Божым і дапамагчы ім зразумець яго спрабуюць Паліна Шостак-Махніца, аўтар ілюстрацый да Евангелля, жонка і мама, а таксама катэхет ксёндз Мацей Вуйцік.
«Ідэя нарадзілася яшчэ паўгады таму падчас закрыцця касцёлаў, калі яны былі пустыя», — тлумачыць Паўліна Шостак-Махніца.
Менавіта тады ў ініцыятараў праекта паўстала пытанне аб тым, як даць магчымасць дзецям бліжэй пазнаёміцца з нядзельным Евангеллем, тым больш, што большасць казанняў падчас трансляцый св. Імшы не адрасавана наймалодшым.
«Для нас важна, каб „Евангелле з задумкай“ было не толькі сродкам пазнання і разумення Слова Божага з нядзелі, але перадусім стала падрыхтоўкай да перажывання нядзельнай Эўхарыстыі», — падкрэслівае сааўтарка серыі.
Кожны раздзел «Евангелле з задумкай» будзе складацца з чатырох частак: Слова Божага, разважанняў, якія праводзіць кс. Мацей, семінараў, якія праводзіць спадарыня Паліна, і канкрэтнага задання.
«Семінары і заданні ў форме выяўленчай працы пакліканы дапамагчы адлюстраваць пасланне евангельскга тэксту. Па вопыце ведаю, што дзеці лепш запамінаюць тэму, калі апрацуюць яе навочна», — тлумачыць спадарыня Шостак-Махніца.
«Новы год — гэта новыя рашэнні, новыя выклікі і новыя ідэі. Мы пачынаем у Адвэнце, з пачаткам новага літургічнага года, і маем надзею, што Дух Святы дасць нам сілы і вытрымку для выканання гэтай працы на кожную нядзелю года», — падкрэсліваюць ініцыятары праекту.