Пошук

28.03.2019 13:41   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява/ zp.ua, allatravesti.com

12 снежня ў Касцёле адзначаецца ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай. Гэты цудадзейны абраз Багародзіцы ўшаноўваюць вернікі ў адной з самых вялікіх каталіцкіх краін у свеце — Мексіцы.

Гвадэлупскі санктуарый, дзе захоўваецца незвычайная ікона — самая наведваемая святыня ў свеце.

У славуты марыйны санктуарый да Маці Божай Гвадэлупскай штогод прыбывае каля 20 мільёнаў пілігрымаў.

Фота calypso-tr.com

Згодна з паданнем, Дзева Марыя спыніла смяротную эпідэмію ў Мехіка, якая лютавала тут у 1736–1737 гадах. У сувязі з гэтым 27 красавіка 1737 г. папа Клімэнт ХІІ абвясціў Панну Марыю Гвадэлупскую Заступніцай Мехіка. 25 мая 1754 г. папа Бэнэдыкт XIV абвясціў Гвадэлупскую Багародзіцу Заступніцай і Апякункай Новай Іспаніі; 24 жніўня 1910 г. папа Пій Х абвясціў Яе Заступніцай усёй Лацінскай Амерыкі, а 16 ліпеня 1935 г. папа Пій ХІ абвясціў Яе Заступніцай Філіпін.

Нарэшце, 22 студзеня 1999 г. папа Ян Павел ІІ абвясціў Маці Божую Гвадэлупскую святой Заступніцай усіх людзей Амерыкі і Зоркай евангелізацыі. Панна Марыя Гвадэлупская лічыцца таксама Заступніцай і Абаронцай ненароджаных дзяцей і цяжарных жанчын. У Яе просяць дапамогі пры складанасцях з цяжарнасцю.

Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Гвадэлупскай сам па сабе з’яўляецца чымсьці ўнікальным, што пацвяржаюць эксперты лабараторыі НАСА.

Навукоўцы даследавалі абраз Маці Божай Гвадэлупскай, які па сцвярджэннях шматлікіх вернікаў мае ўнікальныя ўласцівасці. Сенсацыйным для навукоўцаў стаў вынік афтальмалагічнага аналізу вачэй Багародзіцы з абраза. Зрэнка вока Божай Маці памяншалася пры набліжэнні святла і павялічвалася, калі святло прыглушалася або аддалялася. Іншымі словамі, вочы на іконе рэагавалі на святло, як вочы жывога чалавека.

Фота allatravesti.com
Фота allatravesti.com

Тэмпература палатна, на якім намаляваны вобраз, адпавядае нармальнай тэмпературы жывога чалавечага цела і складае 36,6 градусаў па Цэльсіі. Яшчэ больш неверагодным стала выяўленне каля абраза пульсу. У выніку праслухоўвання стэтаскопам аказалася, што біццё пульсу складае 115 удараў у хвіліну.

Менавіта так б’ецца сэрца плоду ва ўлонні цяжарнай жанчыны.

Даследаванне фарбаў, якімі намаляваны «жывы» вобраз, выявіла яшчэ адну загадку. Склад гэтых фарбаў невядомы сучаснай навуцы: ён не можа быць ні мінеральнага, ні жывёльнага паходжання, і нічога падобнага раней не сустракалася.

З гэтым абразам ужо адбываліся незвычайныя выпадкі. Так, у пачатку ХХ ст. у непасрэднай блізкасці ад іконы заклалі бомбу з вялікім радыусам дзеяння. Выбух знішчыў усё навокал, акрамя цудадзейнага абраза, які застаўся зусім непашкоджаным.

 

Абноўлена 24.11.2020 00:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.