Мэцью Фэсцінг, які з 2008 года ўзначальваў Суверэнны рыцарскі Ордэн Гаспітальераў святога Яна Ерузалемскага, Родасу і Мальты, адмовіўся ад пасады па просьбе папы Францішка падчас сустрэчы 24 студзеня.
«Вялікі Магістр сустрэўся з Папам, і Пантыфік прасіў яго сысці ў адстаўку», — паведаміў Эўджэніо Айрольдзі, прадстаўнік ордэна, а таксама адзначыў, што Мэцью Фэсцінг — адкрыты на дыялог і супрацоўніцтва — пагадзіўся скласці паўнамоцтвы.
Сусветныя СМІ адзначаюць, што гэтае рашэнне стала нечаканасцю, бо пост Вялікага Магістра — пажыццёвы.
Паводле заканадаўства ордэна, каб адрачэнне Вялікага Магістра было дзейсным, ён павінен склікаць Раду Ордэна і прадставіць свае рашэнні на яе разгляд. Адрачэнне Вялікага Магістра ўступае ў моц толькі пасля адабрэння Радай. Такім чынам, паводле заканадаўства ордэна, Фэсцінг усё яшчэ займае гэтую пасаду. Сустрэча Рады пройдзе 28 студзеня.
Эўджэніо Айрольдзі адзначыў, што Рада мае права не прыняць адрачэнне магістра, хоць і назваў гэта «малаверагодным». Прадстаўнік ордэна адмовіўся каментаваць ход следства, якое праводзіць камісія, створаная Апостальскім Пасадам.
Як паведамлялася ў СМІ, 21 снежня 2016 г. папа Францішак стварыў спецыяльную камісію для вызначэння прычыны адхілення Альбрэхта Фрайхерра фон Безелагера, Вялікага Канцлера Ордэна.
Эўджэніо Айрольдзі сцвярджае, што гэта было «пытанне даверу»: «У любой арганізацыі ў свеце, калі няма поўнага даверу паміж “нумарам адзін” і “нумарам тры”, відавочна, што справы не будуць добрымі. Так, у пэўны момант, Вялікі Магістр вырашыў прасіць адстаўкі Вялікага Канцлера. Гэта, зразумела, унутраныя змены ва ўрадзе ордэна. Кіраўнік ордэна мае права патрабаваць адстаўкі ўраду і яго членаў, і менавіта гэта адбылося».
Святы Айцец прыняў адрачэнне Вялікага Магістра Мэцью Фэсцінга, «удзячны за адданасць Наступніку святога Пятра і гатоўнасць пакорна служыць на карысць ордэна і Касцёла», — паведамляецца ў камюніке прэс-цэнтра Апостальскага Пасаду ад 25 студзеня.
Да прызначэння Папскага Дэлегата ордэнам будзе кіраваць Вялікі Камандор Людвіг Гофман фон Румерштайн.
Паводле CREDO
(VGr)