7 лістапада Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША арцыбіскуп Хасэ Арасіё Гомэс з Лос-Анджэлеса выступіў з заявай адносна прэзідэнцкіх выбараў, пераможцам на якіх, па паведамленнях прэсы, становіцца кандыдат ад дэмакратычнай партыі Джозэф Байдэн.
У заяве, змешчанай на сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША usccb.org, іерархі запэўніваюць у сваёй малітве праз заступніцтва Маці Божай аб тым, каб амерыканцы былі «адным народам, адданым Богу, дзе абаронена святасць кожнага чалавечага жыцця і запэўнена свабода сумлення і рэлігіі».
Вось што піша ў сваім віншавальным звароце, адрасаваным Джозэфу Байдэну, кіраўнік амерыканскага каталіцкага епіскапату:
«Мы дзякуем Богу за благаслаўленне свабоды. На гэтых выбарах выказаўся амерыканскі народ. Настаў час, каб нашыя кіраўнікі сустрэліся ў духу нацыянальнага адзінства, прымаючы на сябе абавязак дыялогу і кампрамісу дзеля супольнага дабра. Нашыя прыярытэты і місія як католікаў і амерыканцаў ясныя.
Мы тут для таго, каб наследаваць Езуса Хрыста, сведчыць пра Яго любоў у нашым жыцці і будаваць Яго Валадарства на зямлі.
Я веру, што ў гэты момант гісторыі Амерыкі католікі маюць асаблівы абавязак быць будаўнікамі міру, умацоўваць братэрства і ўзаемны давер, а таксама маліцца аб аднаўленні духу сапраўднага патрыятызму ў нашай краіне.
Дэмакратыя патрабуе ад нас усіх, каб мы паступалі як людзі справядлівыя і самадысцыплінаваныя. Яна патрабуе ад нас паважаць свабоду выказвання меркавання і адносіцца адзін да аднаго з любоўю і ветлівасцю, нават калі ў мы ў корані не згаджаемся ў нашых дэбатах адносна закону і грамадскага парадку. Робячы так, мы прызнаем, што Джозэф Р. Байдэн атрымаў дастаткова шмат галасоў для таго, каб быць выбраным 46-м прэзідэнтам Злучаных Штатаў.
Мы віншуем спадара Байдэна і прызнаем, што пасля спачылага прэзідэнта Джона Ф. Кенэдзі ён становіцца другім прэзідэнтам Злучаных Штатаў, які вызнае каталіцкую веру.
Мы таксама віншуем сенатара Камалу Д. Харыс з Каліфорніі, якая стала першай жанчынай, выбранай віцэ-прэзідэнтам.
Мы просім Найсвяцейшую Панну Марыю, Апякунку гэтага цудоўнага народа, заступацца за нас. Няхай Яна дапаможа нам супрацоўнічаць, каб рэалізаваць прыгожае бачанне місіянераў і заснавальнікаў Амерыкі — адзін народ, адданы Богу, дзе абаронена святасць кожнага чалавечага жыцця і запэўнена свабода сумлення і рэлігіі», — падкрэсліваецца ў пасланні арцыбіскупа Гомэса.