Пошук

04.11.2020 13:25   Паводле: Vatican News / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: TVN24

Папа Францішак памаліўся за ахвяр нападу ў Аўстрыі. «Выказваю боль і засмучэнне з прычыны тэрарыстычнага акту ў Вене і малюся за ахвяр і іх сем’і. Хопіць гвалту! Будзем разам будаваць мір і братэрства. Толькі любоў можа згасіць нянавісць», — напісаў Пантыфік у Twitter.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, старшыня епіскапату Аўстрыі кардынал Крыстаф Шонбарн, каментуючы страляніну, якая здарылася ў Вене 2 лістапада, адзначыў:

«Незалежна ад асновы гэтага нападу, адно павінна быць ясна: нішто не можа апраўдаць сляпога гвалту».

Сталіца Аўстрыі стала яшчэ адным еўрапейскім горадам, які пацярпеў ад ісламскага тэрарызму. Загінула пяць чалавек, а 17 атрымалі раненні.

Кардынал Шонбарн падкрэсліў, што нельга схіляцца перад насіллем. Яшчэ адзін аўстрыйскі іерарх біскуп Франц Лакнер сказаў, што вернікі павінны з усёй моцай супрацьстаяць ідэалогіі, якая ў імя Бога забівае нявінных людзей. Таксама ён запэўніў у малітве Касцёла за забітых, іх блізкіх і тых, хто правёў ноч пасля тэракту ў страху і трывозе.

3 лістапада апоўдні ў венскіх касцёлах у памяць пра ахвяр тэракту прагучалі ўсе званы. Такім чынам кардынал Шонбарн хацеў заахвоціць усіх жыхароў аўстрыйскай сталіцы да з’яднання ў кароткай асабістай малітве. Ён падкрэсліў, што Аўстрыя не можа стаць краінай, закрытай у страху.

Па словах іерарха, паніка і страх — няправільны адказ на гвалт, а трэба далей ісці шляхам салідарнасці, адзінства і ўзаемнай павагі.

Гэта, як дадаў кардынал, каштоўнасці, якія сфармавалі Аўстрыю.

Аўстрыйскія іерархі дзякуюць таксама сілам бяспекі і ратавальным службам за ахвярную працу з рызыкай для жыцця. Па словах біскупа Вернера Фрэйстэтэра, іх дзеянні з’яўляюцца знакам, што аўстрыйскае грамадства не будзе схіляцца перад нянавісцю і тэрорам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця