Пошук

16.10.2020 13:24   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Кардынал Курт Кох. Фота: unitedworldproject.org

16 кастрычніка Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт святога Яна Паўла ІІ, у якім праходзілі і праходзяць навучанне таксама многія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі з Беларусі, надаў тытул доктара honoris causa вядомаму тэолагу і экуменісту швейцарскаму кардыналу Курту Коху.

Як перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, пра гэта было паведамлена падчас Кангрэсу хрысціянскай культуры, што цяпер праходзіць у гэтай навучальнай установе.

Кардынал Курт Кох, які з’яўляецца кіраўніком Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, быў блізкім супрацоўнікам апошніх двух Папаў.

70-гадовы іерарх — вядомая і значная асоба. Ён працаваў як навуковец і выкладчык дагматыкі, літургікі і экуменічнай тэалогіі ў Люцэрнскім універсітэце, быў дэканам факультэту тэалогіі, а таксама пэўны час рэктарам гэтага ўніверсітэта. Галоўнай сферай яго навуковай дзейнасці з самага пачатку была эклезіялогія, або багаслоўе Касцёла. Кардынал Кох — аўтар больш як 70-і кніг і некалькіх соцень навуковых публікацый.

У 1995 годзе Ян Павел ІІ менаваў Курта Коха біскупам Базэльскім. Дзякуючы яго багатаму вопыту жыцця і служэння ў шматканфесійным грамадстве, а таксама экуменічнай дзейнасці у 2002 годзе Святы Айцец уключыў біскупа Коха ў склад Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У 2010 годзе Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Старшынёй гэтай рады, а таксама менаваў арцыбіскупам і крыху пазней — кардыналам.

У 2011 годзе кардынал Курт Кох наведаў Мінск, дзе ўзяў удзелу ў Міжнароднай канферэнцыі па праваслаўна-каталіцкім дыялогу.

«Гэта заслужаная асоба для навукі і ў жыцці Касцёла. Таму Сенат нашай навучальнай установы вырашыў надаць кардыналу гэты найвышэйшы ганаровы тытул», — сказаў КАІ дэкан факультэту тэалогіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта кс. прафесар Пшэмыслаў Кантыка.

Кардынал Курт Кох стаў 108 чалавекам, якому была нададзена гэтая ўніверсітэцкая годнасць. Сярод дактароў honoris causa Люблінскага каталіцкага ўніверсітэту Ян Павел ІІ, кардынал Стэфан Вышынскі, Чэслаў Мілаш, Збігнеў Бжэзінскі і Гельмут Коль.

Абноўлена 16.10.2020 13:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.