18 кастрычніка ў чарговы раз пройдзе сусветная акцыя «Мільён дзяцей моліцца Ружанец». Акцыя адбудзецца пад эгідай Папскага фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, у гэтым годзе малітва аб міры і адзінстве ва ўсім свеце будзе ўключаць у сябе яшчэ адну просьбу: аб вызваленні свету ад санітарнага і эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй.
Фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» запрашае да ўдзелу ў малітве дзяцей усяго свету 18 кастрычніка, а дзіцячыя сады і школы могуць далучыцца да яе таксама ў панядзелак 19 кастрычніка.
Старшыня фонду кардынал Маўро П’ячэнца растлумачыў, што «ўвесь свет цярпеў і працягвае цярпець нябачны вірус, які прывёў да гібелі соцень тысяч чалавек і да разбуральных і ўсё яшчэ непрадказальных грамадска-эканамічных наступстваў».
Звяртаючыся да дзяцей, іерарх падкрэслівае, што неабходна дапамагаць адзін аднаму, не забываючыся, што «самая вялікая дапамога прыходзіць ад Бога».
Матэрыялы для малітоўнай акцыі былі перакладзены на 23 мовы, у тым ліку на рускую. Да малітвы далучацца дзеці з усіх кантынентаў. Касцёльны асістэнт фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» кс. Марцін Барта выказаў надзею, што «малітва Ружанца зможа напоўніць нас абноўленай мужнасцю і спадзяваннем на поўную любові абарону Бога, якую Ён жадае падарыць нам праз сваю Найсвяцейшую Маці».
«Калі мільён дзяцей будзе маліцца Ружанец, свет зменіцца», — казаў святы айцец Піо. Менавіта гэтыя словы натхнілі арганізатараў акцыі, якая ўпершыню прайшла ў 2005 г. у Каракасе: тады ўсяго некалькі дзяцей сабраліся ля капліцы і ўзнеслі малітву Панне Марыі.
З 2008 г. малітва праходзіла пры падтрымцы фонду «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», распаўсюдзіўшыся на ўвесь свет.
Два гады таму фонд усклаў на сябе асноўны клопат па арганізацыі гэтай падзеі.