Пошук

02.10.2020 13:05   Паводле: Vatican News / Падрыхтавала: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Facebook

У Асізі пачалося выстаўленне цела 15-гадовага Карло Акуціса. «Аб гэтым прасілі шматлікія яго аднагодкі, якія пажадалі непасрэднага кантакту з маім сынам», — сказала Антонія Сальцано, маці будучага благаслаўлёнага Каталіцкага Касцёла.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, яна адзначыла, што «гэтая сустрэча для многіх стане пунктам выйсця да Бога і паглыбленай веры».

Выстаўленне цела, якое захавалася ў непашкоджаным стане, будзе працягвацца 17 дзён.

Карло Акуціс будзе беатыфікаваны 10 кастрычніка ў прысутнасці сваіх родных і сяброў (урачыстасць будзе транслявацца анлайн).

«Для мяне ўбачыць цела майго сына было велізарным перажываннем. Думаю, што падобна будзе для яго аднагодкаў. Яго прыклад жыцця — зыходны пункт для кожнага, хто хоча паставіць Евангелле ў цэнтр свайго жыцця», — падкрэсліла маці юнака.

«Карло будзе абвешчаны благаслаўлёным, аднак святасць — гэта штосьці, што датычыць кожнага з нас. Мой сын — прыклад для ўсіх, бо святасць не прызначана для нямногіх. Бог стварыў кожнага з нас выключным, непаўторным чынам. Кажучы пра гэта, Карло ўзгадваў нашы непаўторныя адбіткі пальцаў і ўказваў на неабходнасць захавання гэтай выключнасці, каб не стаць дрэннай фотакопіяй іншых, — дадала маці будучага благаслаўлёнага ў размове з Ватыканскім радыё. — Яго беатыфікацыя ўтрымлівае ў сабе эўхарыстычнае пасланне, якое кажа, што Бог прысутны сярод нас. Таму трэба пастаянна жыць гэтай Прысутнасцю.

Святы Францішак, якога мой сын любіў, і сам Карло — доказ плённасці жыцця тых, хто ставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця».

Па словах Антоніі Сальцано, Карло прыцягвае маладых людзей, таму што з’яўляецца іх аднагодкам, які жыў у іх часы і гэтак жа, як яны, захапляўся Інтэрнэтам. «Сваім жыццём ён вядзе дыялог з сучаснасцю, гэта робіць яго незвычайна актуальным і блізкім», — адзначыла яна і ўзгадала яго ўлюбёнае выказванне, што «шчасце — гэта ўзіранне ў Бога, а смутак і горыч — узіранне ў самога сябе».

Фота: Facebook

Жанчына дадала, што Папа Францішак цытуе яе сына ў Апостальскай адгартацыі Christus vivit («Хрыстус жыве»), прыводзячы словы, якія той часта прамаўляў: «Усе нараджаюцца як арыгіналы, але многія паміраюць як фотакопіі». Яна спадзяецца, што падчас візіту ў Асізі, які адбудзецца 3 кастрычніка і будзе звязаны з падпісаннем ля магілы св. Францішка новай энцыклікі Fratelli tutti («Усе браты»), Пантыфік спыніцца на хвіліну малітвы перад рэліквіямі Карло Акуціса — на думку італьянскіх медыя, будучага апекуна Інтэрнэту.

Карло Акуціс нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане ў італьянскай сям’і. Рос вельмі пабожным, штодзённа ўдзельнічаў у Імшы, маліўся на ружанцы і штотыдзень спавядаўся, моцна палюбіў Эўхарыстыю, якую называў «аўтастрадаю ў неба». Выключна адораны ў сферы інфарматыкі і інтэрнэт-тэхналогій, ужо ў дзесяць гадоў ён пісаў алгарытмы і распрацоўваў сайты. У адзінаццацігадовым узросце распачаў стварэнне сайту, прысвечанага Эўхарыстычным цудам.

Калі ў 2006 годзе даведаўся, што хворы на невылечную форму лейкеміі, то рэшту свайго жыцця і цярпенні прысвяціў Святому Айцу і Касцёлу.

Памёр 12 кастрычніка 2006 года, згодна з яго воляй быў пахаваны ў Асізі. Беатыфікацыйны працэс быў распачаты ў 2013 годзе.

 

Абноўлена 02.10.2020 13:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа