Пошук

01.10.2020 13:30   Паводле: Vatican News / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: natemat.pl

Рэліквіі святых усё часцей крадуць, а таксама ўсё часцей на аўкцыёны ў інтэрнэце трапляюць фальшывыя рэліквіі, калі злачынцы выкарыстоўваюць даверлівасць людзей.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, на гэта звярнулі ўвагу італьянскія карабінеры пасля таго, як у катэдры ў Спалета (Італія) былі выкрадзены рэліквіі крыві святога Яна Паўла ІІ.

Ампула з кропляй яго крыві была выкрадзена тыдзень таму і, нягледзячы на заклік арцыбіскупа Спалета і дзеянні карабінераў, яе да гэтага часу не ўдалося знайсці.

Рэліквіі былі падораны кардыналам Станіславам Дзівішам і захоўваліся ў мясцовай катэдры часова, бо прызначаліся для новага касцёла св. Яна Паўла ІІ у Спалета.

Асвячэнне касцёла плануецца 22 кастрычніка, у дзень літургічнага ўспаміну Папы. Арцыбіскуп Рэнато Бакарда спадзяецца, што ўрачыстасць усё ж зможа адбыцца і ёй будзе спадарожнічаць перанясенне гэтых дарагіх вернікам рэліквій.

Гэта не першае выкраданне рэліквій св. Яна Паўла ІІ у Італіі. Шэсць гадоў таму са святыні ў гарах Абруцца, якія былі ўлюбёным месцам горных падарожжаў Вялікага Папы, былі выкрадзены рэліквіі з кропляй яго крыві. Гэта зрабілі наркаманы, якім былі патрэбныя грошы. Рэліквіі ў непашкоджаным стане ўдалося адшукаць і вярнуць на месца.

З 1981 г. у Італіі здарылася ў цэлым дзевяць гучных выкраданняў рэліквій. Злодзеі, а таксама сатаністы, выкрадалі, напрыклад, парэшткі св. Люцыі, зуб св. Францішка з Паолы, чэрап св. Валянціна, часткі габіту св. Францішка Асізскага.

Найбольш дзіўны крадзеж — рэліквій св. Антонія Падуанскага — здзейснілі мафіёзі для шантажу з мэтай атрымаць прывілеі для членаў мафіёзнай банды, якія знаходзіліся ў турме.

У абмен на вяртанне рэліквій ім удалося дамовіцца аб некаторых уступках.

Акрамя таго, італьянскія карабінеры перасцерагаюць ад квітнеючага ў інтэрнэце рынку фальшывых рэліквій. Найбольш папулярнымі ў інтэрнэце з'яўляюцца «рэліквіі» святога айца Піо, відавочна, фальшывыя. Варта памятаць, што Касцёл забараняе гандаль рэліквіямі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця