Сын брытанскага прэм’ер-міністра Борыса Джонсана і яго нявесты Кэры Саймандс ахрышчаны ў капліцы Дзевы Марыі лонданскай Вэстмінстэрскай катэдры.
Як паведамляе Blagovest-info.ru са спасылкай на Catholic Herald, сакрамэнт хросту ўдзяліў святар Вэстмінстэрскай катэдры, галоўнай каталіцкай святыні Англіі і Уэльса, кс. Дэніэл Хамфрыс.
Цырымонія мела прыватны характар.
Пра тое, ці прысутнічаў хтосьці, акрамя бацькоў чатырохмесячнага Уілфрэда, не паведамляецца.
Першапачаткова Джонсан хацеў захаваць хрост сына ў таямніцы, але інфармацыя стала публічнай пасля заявы супрацоўніка аэрапорта ў Перуджы (Італія), што ён бачыў брытанскага прэм’ера ў аэрапорце 12 верасня. Прэм’ера пачалі абвінавачваць, што ён лётае на адпачынак за мяжу падчас крызісу, выкліканага пандэміяй.
У адказ прадстаўнік Джонсана заявіў, што той у гэты дзень быў на цырымоніі хросту свайго сына ў Лондане, а не ў Італіі. Пазней у Вэстмінстэрскай катэдры пацвердзілі, што хрост Уілфрэда Джонсана адбыўся 12 верасня. Дырэктар аэрапорта Перуджы сказаў, што ў гэты дзень туды сапраўды прылятаў брытанскі прэм’ер, але былы — Тоні Блэр.
Борыс Джонсан быў ахрышчаны ў Касцёле, яго маці была каталічкай.
У юнацтве, падчас вучобы ў Ітанскім каледжы, ён перайшоў у англіканцтва. Прэм’ера, паводле яго заяваў, нельга назваць «сур’ёзным, практыкуючым хрысціянінам», а яго нявеста Кэры Саймандс — практыкуючая каталічка.