Пошук

22.09.2020 12:03   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Фота: PAP / Rafał Guz / Catholic.by

Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава асвяціў царкву, пабудаваную на ўзор сабора святой Сафіі ў Стамбуле. Царква святой Сафіі — Мудрасці Божай знаходзіцца ў варшаўскім раёне Урсынаў.

Пра гэта паведамляе КАІ.

Падчас літургіі праваслаўны іерарх адзначыў, што асвячэнне гэтай царквы адбываецца менавіта ў той момант, калі найважнейшая хрысціянская святыня св. Сафіі ў Стамбуле была ператворана ў мячэць.

Па яго словах, гэта выклікала вялікі смутак сярод хрысціянаў. Рашэннем турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана святыня, дзе 90 гадоў размяшчаўся музей візантыйскага мастацтва, стала месцам мусульманскага культу.

Мітрапаліт дадаў, што новая царква прысвечана памяці продкаў, вызнаўцаў праваслаўя ў Польшчы на працягу стагоддзяў, асабліва тых, «якія гінулі ў лагерах на Усходзе і Захадзе, тых, якія, моцныя верай, аддавалі сваё жыццё падчас Варшаўскага паўстання», — духоўных і свецкіх асобаў, моладзі і дзяцей Варшавы.

На гэтую ўрачыстасць былі запрошаны спецыяльным зваротам Мітрапаліта Варшаўскага і ўсёй Польшчы епіскапат, духавенства і вернікі Польскай Праваслаўнай Царквы, а таксама ўсе, для каго важныя каштоўнасці хрысціянскай веры.

Царква св. Сафіі пабудавана ў знак удзячнасці за дар 25-годдзя дэмакратычных перамен у Польшчы і 90-годдзя атрымання аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквой.

Вуглавы камень пад будаўніцтва асвяціў 5 снежня 2015 г. Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей. Гэта трэцяя праваслаўная святыня ў сталіцы Польшчы.

Абноўлена 22.09.2020 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.