Пошук

20.08.2020 16:20   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Малітоўная ініцыятыва, распачатая маладымі католікамі з Гродна і беларускімім студэнтамі ў Польшчы, знаходзіць усё большую падтрымку ў суседняй краіне.

«Мы можам малітваю падтрымаць мірныя змены ў Беларусі, а таксама аказаць матэрыяльную дапамогу Касцёлу ў гэтай краіне, які дапамагае пераследаваным і іх сем’ям», — паведамляе ксёндз Лешэк Крыжа, кіраўнік групы Дапамогі Касцёлу на Усходзе пры Канферэнцыі Епіскапату Польшчы.

Словы святара перадае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ.

«Ужо на працягу некалькіх дзён штовечар а 20-й гадзіне мы молімся Ружанец у інтэнцыі мірных перамен у Беларусі», — дадае ксёндз Крыжа. З ініцыятывай такой малітвы выступілі маладыя людзі з Гродна, а ад іх яе перанялі беларускія студэнты, якія вучацца ў Польшчы. На сёння да супольнай малітвы далучыліся ўжо некалькі тысяч палякаў. Іх колькасць з кожным днём расце, і да малітвы пачынаюць далучацца людзі таксама ў іншых краінах Еўропы.

«Кожны з нас запрошаны да гэтай малітвы. Давайце створым супольную штодзённую прастору малітвы ў інтэнцыі Беларусі», — заклікае святар.

Ён дадае, што беларуская моладзь, якая цяпер жыве ў Польшчы, збіраецца на святыя Імшы ў інтэнцыі Беларусі. У бліжэйшы час урачыстая святая Імша ў гэтай інтэнцыі будзе цэлебравацца ў касцёле Найсвяцейшага Збаўцы ў Варшаве ў нядзелю 23 жніўня ў 18.30. Цэлебрацыя адбудзецца па-польску і па-беларуску. «Я ўзначалю цэлебрацыю, а ўсё іншае падрыхтуе беларуская моладзь, якая вучыцца ў сталіцы Польшчы», — інфармуе ксёндз Лешэк Крыжа.

Група Дапамогі Касцёлу на Усходзе таксама збірае сродкі для патрабуючых, якія пацярпелі ад пераследу.

Абноўлена 24.09.2020 14:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.