Пошук

14.08.2020 11:28   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: catholic-kazakhstan.org

13 жніўня каталіцкія біскупы Украіны ў прамым эфіры «Радыё Марыя» маліліся за тых, хто церпіць у Ліване, Беларусі і Украіне.

Агульнаўкраінская ружанцовая малітва адбывалася на хвалях каталіцкага радыё, якое дзейнічае ў многіх краінах свету, у тым ліку тых, дзе католікі з’яўляюцца рэлігійнай меншасцю.

Па надуманых прычынах беларускія ўлады ўжо шмат гадоў адмаўляюць у рэгістрацыі «Радыё Марыя Беларусь», і пакуль яго можна слухаць толькі ў інтэрнэце.

У малітве за церпячыя народы Лівана, Беларусі і Украіны маліліся вернікі ва ўсёй суседняй краіне, якія выказваюць сваю салідарнасць і падтрымку нашаму народу ў яго законным імкненні да пашаны ягоных правоў і мірнага жыцця на сваёй зямлі.

Таямніцы Святла святога Ружанца па чарзе прамаўлялі Генеральны вікарый Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі біскуп Ян Сабіла; біскуп Харкаўска-Запарожскі Паўло Ганчарук, біскуп Кіева-Жытомірскі Віталій Крывіцкі SDB, біскуп Луцкі Віталій Скамароўскі і Адэска-Сімферопальскі біскуп на пенсіі Браніслаў Бярнацкі.

Кожная таямніца распачыналася кароткім разважаннем-сведчаннем біскупа, які яе праводзіў.

Распачынаючы трэцюю таямніцу Святла, прысвечаную абвяшчэнню Хрыстом Божага Валадарства, біскуп Кіева-Жытомірскі Віталій Крывіцкі SDB сказаў, што гэтага абвяшчэння Добрай Навіны цяпер асаблівым чынам прагнуць зруйнаваныя вуліцы Бейрута, знішчаны Данбас, неспакойныя праспекты Мінска.

«Сёння я размаўляў з чалавекам з Мінска, які пытаўся, задаваў пытанне: „Чаго хоча ад нас Бог?“

І менавіта людзі, якія хочуць пачуць, што гаворыць Бог у гэтую хвіліну, яны маюць адкрытае Божае Слова і пачуюць яго. Ён не пакіне сваіх дзяцей без слова. Але гэтае слова не можа прыйсці ў сэрца, заплямленае грахом. Хрыстус заклікае да пакаяння: немагчыма прыняць чыстае слова ў нячыстае сэрца. Мы ўвесь час чуем словы Багародзіцы ў Яе аб’яўленнях: Яна заклікае менавіта да малітвы і да пакаяння.

Таму молімся, каб нашыя народы правільна — у малітве і ў духу пакаяння — прымалі слова збаўлення», — падкрэсліў біскуп Віталій Крывіцкі.

Распачынаючы разважанне на чацвёртай таямніцай Святла, біскуп Луцкі Віталій Скамароўскі сказаў: «Што для нас азначае таямніца Перамянення Пана?

Перадусім яна нясе пасланне, што Бог усё можа перамяніць, нават у сітуацыях, якія па-чалавечы здаюцца безнадзейнымі, таму што Бог — усемагутны.

Гэта адносіцца да нашага асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця. Гэта адносіцца і да праблем, якія перажываюць украінскі, беларускі і ліванскі народы. Гэтая таямніца заклікае нас да даверу Езусу і да малітвы».

Да асаблівай малітвы ва ўмовах складанай складанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне заклікаюць вернікаў і ўсіх людзей добрай волі таксама каталіцкія біскупы Беларусі.

Абноўлена 24.09.2020 14:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.