Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі і ўсе людзі добрай волі!
Вось ужо некалькі дзён у нашай Бацькаўшчыне працягваюцца сутыкненні паміж грамадзянамі і супрацоўнікамі сілавых структур. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве напружанасць. У выніку актыўнага супрацьстаяння пралілася кроў і ёсць шмат пацярпелых як фізічна, так і маральна. Многія з іх — гэта мірныя і нявінныя людзі рознага ўзросту.
Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, асуджаем кожны акт насілля, які брат здзяйсняе супраць брата, і таму яшчэ раз заклікаем спыніць непатрэбную агрэсію і распачаць дыялог дзеля дабра чалавека і ўсяго нашага грамадства.
Як веруючыя людзі мы разумеем нашую абмежаванасць. Таму, ўзгадваючы словы нашага Збаўцы Езуса Хрыста: «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас» (Мц 11,28), запрашаем католікаў Беларусі далучыцца да штодзённай малітвы ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і ўсяго народа.
У сувязі з гэтым заклікаем:
- 16 жніўня ва ўсіх парафіях цэлебраваць святую Імшу ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны і яе народа і такім чынам правесці агульнабеларускую Эўхарыстычную малітву.
- Падчас кожнай святой Імшы ў малітве вернікаў дадаць спецыяльны заклік за нашу краіну.
- У парафіях арганізаваць штодзённую агульнабеларускую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі нашай Бацькаўшчыны, яе народа і мірнага завяршэння канфлікту. Час правядзення адарацыі вызначае пробашч паводле разважлівага меркавання.
- Штодзённа на завяршэнне адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшы маліцца адмысловай малітвай. Можна выкарыстаць наступны тэкст:
Малітва за Айчыну
(паводле святога Яна Паўла ІІ)
Маці Божая, Каралева Беларусі, дзякуючы за Тваю Мацярынскую апеку, давяраем Табе нашу Айчыну, нашу сучаснасць і будучыню. Няхай імкненне да супольнага дабра перамагае эгаізм і падзелы. Няхай усе, хто кіруе нашай краінай, бачаць у Табе пакорную Слугу Езуса Хрыста і вучацца служыць і распазнаваць патрэбы сваіх грамадзянаў, каб Беларусь магла стаць валадарствам любові, праўды, справядлівасці і супакою, дзе шануецца Імя Твайго Сына і годнасць кожнага чалавека.
Маці Адзінароднага Божага Сына, які даў нам новую запаведзь любові як галоўны прынцып жыцця, выпрасі, каб мы сталі руплівымі будаўнікамі салідарнага свету, у якім любоў ператварае ўзброеныя канфлікты ў супакой, а цывілізацыю смерці — у цывілізацыю жыцця.
Няхай наш народ заўсёды будзе верным Богу — Валадару ўсяго свету.
Маці еднасці і супакою, умацоўвай супольнасць Касцёла Твайго Сына, дапамажы, каб усе хрысціяне моцаю Духа Святога сталіся адною сям’ёю сясцёр і братоў Езуса Хрыста, адзінага Збаўцы свету — учора, сёння і навекі.
О ласкавая, о літасцівая, о наймілейшая Панна Марыя, прымі наш давер, умацоўвай яго ў нашых сэрцах і складзі перад Абліччам Бога, у Тройцы Святой Адзінага, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.
***
Усіх, хто далучаецца да малітвы ў інтэнцыі нашай умілаванай Беларусі і яе народа, даручаем пад апеку Найсвяцейшай Панны Марыі, Сталіцы Мудрасці і Каралевы Супакою, і ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
Мінск,13 жніўня 2020 г.
P.S. Гэты зварот неабходна прачытаць у касцёлах вернікам, пачынаючы з сённяшняга дня, а таксама абавязкова на ўсіх Імшах у нядзелю 16 жніўня.