Абаронцы жыцця абураныя новым біяэтычным законапраектам, прынятым Нацыянальнай Асамблеяй Францыі.
Як паведаміла 11 жніўня польская рэдакцыя парталу Vatican News, першапачаткова гаворка ішла пра апладненне in vitro для лесбійскіх пар і самотных жанчын. Аднак аказалася, што ў законапраект, супраць якога актыўна выступалі прасямейныя колы, была ўключана «папраўка», што дазваляе рабіць аборт на любым тэрміне да нараджэння з прычыны «псіхасацыяльнай занепакоенасці» маці.
Змены біяэтычных прававых норм выклікалі масавыя акцыі пратэсту, якія ў мінулым годзе пракаціліся па Францыі.
Аднак пасля таго, як Сенат унёс свае папраўкі, на пачатку гэтага года Нацыянальная Асамблея (ніжэйшая палата французскага парламенту), нягледзячы на непрыманне ў грамадстве, зноў пачала лабіраваць беспрэцэдэнтныя змены.
Новы законапраект зрабіла аборты больш даступнымі, дало згоду на генетычнае мадыфікаванне эмбрыёнаў, хімер і дзяржаўнае фінансаванне штучнага апладнення для лесбіянак і самотных маці.
Пралайферскія арганізацыі адзначаюць, што штуршком для большай даступнасці абртаў стаў каранавірус. Падчас пандэмі міністр аховы здароўя Францыі Аліўе Веран нефармальна ўвёў ва ўжытак «псіхасацыяльную занепакоенасць» у якасці апраўдання для абортаў пасля вызначанага законамі тэрміну. Да гэтага часу ў Францыі для аборту пасля дванаццатага тыдня цяжарнасці патрабавалася згода лекара, а магчымасць яго правядзення была заканадаўча абмежавана выпадкамі сур’ёзных паталогій развіцця або меркаванй нежыццяздольнасці дзіцяці па-за арганізмам маці, а таксама калі цяжарнасць пагражала яе жыццю. Новае біяэтычнае заканадаўства радыкальна гэта змяняе.
«Францыя, якая перажывае дэмаграфічную зіму, адкрыла насцеж дзверы культуры смерці, нанёсшы самой сабе смяротны ўдар», — сцвярджаюць прадстаўнікі прасямейных арганізацый. Яны нагадваюць, што ў краіне ўжо не нараджаецца дастатковая колькасць дзяцей, неабходная для забеспячэння змены пакаленняў.
Акрамя таго, пралайферы заўважаюць, што сам выраз «псіхасацыяльная занепакоенасць» настолькі незразумелы і шырокі, што можа быць выкарыстаны практычна ў любым выпадку незапланаванай цяжарнасці або ўскладненняў, а таксама стане перашкодаю для прафілактыкі абортаў.
«Так паміраюць цывілізацыі, а чалавечы геній згасае. Тым, хто прыйдзе пасля нас, пагражае вялікая небяспека», — напісаў у сваім Твітары біскуп Мантабанскі Бэрнар Жыну. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што галасаванне па папраўках адбывалася ўначы, без удзелу многіх дэпутатаў.
З увагі на змены, якія былі прынятыя ніжняй палатай парламенту, законапраект сёлета яшчэ раз вернецца ў Сенат. У тым выпадку, калі кампраміс знайсці не ўдасца, апошняе рашэнне будзе належаць Нацыянальнай Асамблеі. Мяркуецца, што законапраект будзе прыняты ў канцы года.