У некалькіх кіламетрах ад гары Табор, на якой, паводле традыцыі, адбылося Перамяненне Пана, ізраільскія археолагі знайшлі муры старажытнага касцёла, якім каля 1500 гадоў.
Як са спасылкай на ўпраўленне старажытнасцяў Ізраіля 28 ліпеня паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, хрысціянская святыня VI стагодддзя памерамі 12 на 36 метраў была адкрыта падчас прац па будаўніцтве дзіцячай пляцоўкі ў Кфар-Каме на поўначы Ізраіля.
Паводле абнародаванай інфармацыі, у знойдзенай святыні не адна апсіда, як у большасці тагачасных касцёлаў, а тры.
Нава касцёла і пераходы былі пакрытыя каляровымі мазаікамі з геаметрычным і раслінным арнаментам, якія захаваліся да нашага часу.
Як мяркуецца, адкрытая археолагамі святыня была часткаю вялікага кляштарнага комплексу. Побач з ёю былі знойдзены муры некалькіх памяшканняў. Паводле ўпраўлення старажытнасцяў Ізраіля, неўзабаве яны будуць больш падрабязна даследаваныя ў межах далейшых археалагічных раскопак.
З гэтай нагоды спецыялісты нагадалі, што ўжо ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў Кфар-Каме, населенай сёння пераважна ізраільскімі чаркесамі, археолагі знайшлі касцёл. Адзін з удзельнікаў раскопак заўважыў, што, хутчэй за ўсё, гэта была вясковая святыня, а цяпер быў знойдзены кляштар, які адносіцца да таго ж часу.
Новае адкрыццё сведчыць пра вялікае значэнне вёскі, якая размяшчалася каля падножжа гары Табор.
Гара, на якой, паводле традыцыі, адбылося Перамяненне Пана, мае вышыню 588 метраў і знаходзіцца на сярэдзіне дарогі паміж Назарэтам і Тыбэрыядскім возерам у Галілеі. Яе добра відаць здалёк. Касцёл і кляштар францішканаў, якія знаходзяцца на вяршыні гары, — адзін з найбольш важных для вернікаў аб’ектаў на Святой Зямлі, які штогод наведвае вялікая колькасць пілігрымаў.