Пошук

17.07.2020 14:05   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота thedailybeast.com

Незадавальненне з-за ператварэння сабору святой Сафіі ў Стамбуле ў мячэць выказаў Апостальскі вікарый Анатоліі біскуп Паоло Біцэці.

«Захад шмат кажа, але не змагаецца за права на ўзаемнасць. Ужо шмат гадоў Эрдаган хацеў ператварыць сабор святой Сафіі ў мячэць. А тут шмат хрысціян не маюць нават невялікага памяшкання, у якім маглі б памаліцца», — перадае словы іерарха польская рэдакцыя парталу Vatican News.

Біскуп пракаментаваў рэакцыю Захаду на рашэнне турэцкіх уладаў наконт старажытнай хрысціянскай святыні былога Канстанцінопаля.

На яго думку, уяўленні Еўропы пра Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана «далёкія ад рэалізму», а для тых, хто жыве ў Турцыі, яго рашэнне не было нечаканасцю. Іерарх дадаў, што турэцкі лідар паслядоўны ў сваёй палітыцы, якую называюць часам неаасманскай.

«Праблемай з’яўляецца не столькі палітыка прэзідэнта і яго партыі. Гэта хутчэй мы павінны задаць сабе пытанне: чаго хочам мы, еўрапейцы?» — сказаў біскуп у размове з выданнем Tempi.

Ён адзначыў, што часта гаворыцца пра ўзаемнасць, але няшмат робіцца, каб яе гарантаваць. «Што робіць Італія, каб узаемнасць у справе месцаў культу стала фактам?» — задаў пытанне біскуп і дадаў, што, калі Еўропа пакінула турэцкіх хрысціян, потым не трэба здзіўляцца, што здараюцца такія рэчы.

Ён прызнаў, што, згодна з апошнімі дэкларацыямі ўладаў, хрысціянскія мазаікі ў саборы святой Сафіі будуць ушаўноўвацца і месца будзе даступным для наведвальнікаў, за выключэннем тых гадзін, калі пяць разоў на дзень там будуць праходзіць мусульманскія малітвы.

Але, па яго словах, ператварэнне сабора ў мячэць сур'ёзна зменіць характар гэтага месца.

Уваходзячы ў святыню, трэба будзе здымаць абутак, жанчыны павінны будуць накідваць хустку і дапускацца праз асобны ўваход.

На думку біскупа, Еўропа прачнулася позна, бо ўжо раней мячэцямі сталі іншыя хрысціянскія святыні ў Турцыі, як сабор святой Сафіі ў Трабзоне ці царква святых Сергія і Вакха ў Стамбуле.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця