Пошук

15.07.2020 10:14   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота UPI.com

У барацьбу з каранавірусам у Бразіліі ўключыўся карабель-бальніца імя Францішка, які ўжо амаль два гады аказвае медыцынскую дапамогу насельніцтву ўзбярэжжаў Амазонкі.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Карабель ужо зрабіў цуды, несучы надзею народам, што пражываюць уздоўж ракі. Мы не маглі не ўдзельнічаць у барацьбе з COVID-19», — заўважыў брат Жоэль Соуза, член каманды карабля. Інтэрв’ю з ім было апублікавана на сайце Рады Біскупскіх Канферэнцый Лацінскай Амерыкі (CELAM).

Барацьба з новым выклікам патрабавала адпаведнай рэарганізацыі, мабілізацыі адмысловых спецыялістаў і набыцця неабходных сродкаў абароны.

Акрамя аказання амбулаторнай медыцынскай дапамогі першага ўзроўню, экіпаж карабля займаецца інфармаваннем мясцовага насельніцтва.

Карабель-бальніца распачаў плаванне восенню 2018 г. Мэта праекту, у якім удзельнічаюць урачы розных спецыяльнасцяў, заключаецца ў аказанні дапамогі сотням тысяч бразільцаў, якія жывуць далёка ад бальніц. Для многіх з іх гэта адзіная магчымасць сустрэцца з урачом, асабліва са спецыялістам у адмысловай сферы.

На 32-метровым судне ёсць усе неабходныя сродкі для дыягностыкі, лячэння, шпіталізацыі і прафілактыкі. Бальніца мае лабараторыю, дзе можна зрабіць асноўныя аналізы, аптэку, аперацыйную залу, а таксама дыягнастычную частку, абсталяваную рэнтгенаўскім, ультрагукавым і мамаграфічным апаратамі.

Большасць працэдур праводзіцца на месцы, але для сур’ёзных хірургічных аперацый пацыентаў дастаўляюць у іншыя бальніцы краіны. Для хуткай дапамогі выкарыстоўваюцца дзве маторныя лодкі, якімі можна дабрацца да самых аддаленых мясцовасцяў.

На борце працуе 23 урача, у каманду ўваходзяць таксама святары і сёстры законныя.

Да ўзнікнення праекту прычыніўся Папа Францішак. У межах удзелу ў Сусветных днях моладзі ў 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра ён наведаў бальніцу для бедных, якой апякуюцца францішкане, і выказаў пажаданне, каб яны ажыццяўлялі сваю дзейнасць таксама ў Амазоніі.

У 2018 г. праект карабля-бальніцы быў прадстаўлены Святому Айцу і атрымаў яго благаслаўленне. Папа ахвяраваў для праекту некаторае медыцынскае абсталяванне. Падчас барацьбы з каранавірусам бальніца-карабель таксама атрымлівае дапамогу праз Апостальскую нунцыятуру ў Бразіліі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.