«Гэта цуд!» — так выказалася супрацоўніца санітарна-эпідэміялагічнай службы, калі сталі вядомымі вынікі тэстаў на каранавірус, праведзеныя ў кляштары францішканаў у Непакалянаве (Польшча). Са 107 тэстаў усе былі адмоўнымі.
Як адзначаюць францішкане на сваёй старонцы, немагчыма, каб у такой вялікай супольнасці не было ніводнага станоўчага выніку.
26 чэрвеня машына хуткай дапамогі забрала аднаго з братоў у шпіталь. Ён вярнуўся з адпачынку 22 чэрвеня і адчуваў сябе не вельмі добра, таму пайшоў да ўрача, атрымаў антыбіётыкі і вярнуўся ў кляштар.
У кляштары ён некалькі дзён кантактаваў непасрэдна з прыкладна 30 братамі.
Па словах супрацоўніка санітарна-эпідэміялагічнай службы, непасрэдны кантакт — гэта такі, у якім дадзеная асоба знаходзілася з заражаным мінімум 15 хвілін у адлегласці менш за два метры.
Між іншым, гэты брат — цырульнік, ён стрыг за гэты час некалькіх францішканаў. Акрамя таго, супольнасць сустракалася на пасілках і некалькі разоў на дзень у капліцы на малітве. Не ведаючы пра пагрозу, ніхто не пазбягаў з ім кантакту. За гэтыя пяць дзён знаходжання ў кляштары пасля адпачынку ён быў у многіх месцах супольнага прабывання.
У гэтага францішканіна быў выяўлены каранавірус, ён знаходзіцца зараз у шпіталі ў Варшаве. У шпіталь трапілі таксама яго родны брат з жонкай і 90-гадовая маці. Стан францішканіна сур’ёзны, але стабільны.
Калі 27 чэрвеня астатнія францішкане ў супольнасці даведаліся, што ў яго каранавірус, то перайшлі ў анлайн-рэжым набажэнстваў і чакалі з нецярплівасцю суботы 4 ліпеня, калі стануць вядомымі вынікі тэстаў.
З пятніцы на суботу яны правялі малітоўнае чуванне, памаліўшыся тры часткі Ружанца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а на заканчэнне прыняўшы ўдзел у святой Імшы. Разам з імі з дапамогай трансляцыі малілася некалькі соцень чалавек.
У суботу ў кляштары прайшла сустрэча «Аддайся Марыі» таксама без прысутнасці вернікаў. Па словах францішканаў, гэта была самая ціхая субота ў іх супольнасці за апошнія чатыры гады.
Нарэшце гвардыян кляштара абвясціў братам, што ўсе вынікі тэстаў на каранавірус аказаліся адмоўнымі, перадаўшы словы супрацоўніцы санітарна-эпідэміялагічнай службы: «Гэта цуд».
За ўвесь перыяд эпідэміі не здаралася ніколі ў Польшчы, а можа, і ва ўсім свеце, каб ніхто з такой вялікай групы, якая кантактавала з заражаным, не заразіўся, адзначаюць францішкане.
«Беззаганная ў чарговы раз паказала, што клапоціцца пра свой Непакалянаў. Мы атрымліваем гэтую ласку як знак, што Найсвяцейшай Маці падабаецца тое, што мы некалькі гадоў робім: першыя суботы з даручэннем сябе Ёй, супольны Ружанец, пакутныя набажэнствы і святая Імша як перапрашэнне за грахі абортаў, пакутныя пілігрымкі, начныя чуванні і шмат іншых, — кажуць браты. — Няхай гэтае Божае ўмяшальніцтва будзе іскрай, здольнай распаліць наш народ новай любоўю да Бога і людзей і ўліць у нашы сэрцы веру, што для Бога няма немагчымых рэчаў».