Выдавецтва францішканаў у Расіі паведаміла, што з'явіўся сайт з электроннай версіяй «Каталіцкай энцыклапедыі» і дадатак для Android.
«Гэта першы маштабны праект такой накіраванасці, дастаткова складаны, але вельмі прадуктыўны», — лічыць дырэктар выдавецтва а. Мікалай Дубінін, словы якога прыводзіць Рускатолик.рф. На яго думку, энцыклапедыя атрымалася «ўніверсальным і сур'ёзным рускамоўным выданнем». Шырокія звесткі пра сучаснае жыццё Каталіцкага Касцёла, яго ўнёсак у сусветную культуру, а таксама пра гісторыю каталіцтва ў Расіі зрабілі гэтае выданне незаменным як для спецыялістаў у розных галінах навукі, так і для шырокага кола чытачоў.
Гісторыя энцыклапедыі пачалася ў 1996 г., калі была сфармавана рэдакцыйна-выдавецкая рада. У 2002 г. выйшаў першы том, у 2013 — пяты, заключны.
Нягледзячы на тое, што зараз праект папяровай энцыклапедыі закрыты, не ўсе пытанні ў ёй былі закрануты.
Дырэктар выдавецтва адзначыў, што «Каталіцкі Касцёл — жывая рэальнасць», а значыць, энцыклапедыі неабходнае абнаўленне. Яна павінна стаць «жывым» праектам, які будзе ўвесь час папаўняцца. Адсюль і з'явілася ідэя перанесці інфармацыю ў больш сучасны фармат і пашыраць выданне ўжо ў ім.
Праца над электроннай энцыклапедыяй ідзе да гэтага часу. «Папяровыя» артыкулы працягваюць пераносіць у лічбавы фармат, уносяць змены ў інтэрфэйсы, каб забяспечыць максімальна зручны доступ да інфармацыі. Вельмі важна было ўлічыць «пытанні інтэлектуальнай уласнасці аўтараў і выдавецкіх правоў, каб па меры магчымасцяў прадухіліць пірацтва».
Асобна а. Мікалай Дубінін падзякаваў валанцёрам, якія ўдзельнічалі ў развіцці электроннай версіі. Зараз пастаяннага штату супрацоўнікаў у гэтым праекце няма, таму ўсё залежыць толькі ад дапамогі энтузіястаў.
У прыярытэце выдавецтва застаецца зручнасць выкарыстання энцыклапедыі і прафесіяналізм аўтараў артыкулаў. Доступ да электроннай версіі будзе цалкам бясплатным, бо «камерцыя тут не галоўнае».
Тым жа, хто настроены на сур'ёзную працу, лепш набыць папяровую энцыклапедыю.
Праца над праектам працягваецца, сённяшняя версія адкрыта для пажаданняў і заўвагаў.