Кардынал Юзаф Чэнь Жыдзюнь заявіў, што змена статусу Ганконга ў краіне можа пагражаць рэлігійнай свабодзе католікаў і прадстаўнікоў іншых выравызнанняў.
Як паведамляе агенцтва CNА, 28 мая заканадаўчы сход Кітая ўхваліў рэзалюцыю аб увядзенні новых «законаў аб бяспецы» ў спецыяльным адміністрацыйным раёне Ганконгу. Прадэмакратычны рух і мясцовыя католікі думаюць, што гэта прывядзе да абмежавання свабоды ганконгцаў, у тым ліку свабоды выравызнання.
Новыя законы скіраваны на крыміналізацыю ўсяго таго, што Пекін лічыць «замежным умяшальніцтвам», сепаратысцкай або падрыўной дзейнасцю ў дачыненні да дзяржаўнай улады.
Як заявіў біскуп Ганконга на пенсіі кардынал Юзаф Чэнь Жыдзюнь, ён заклапочаны тым, што новыя законы будуць выкарыстаны для падрыву свабоды веравызання, якую сёння маюць ганконгцы.
Ганконг мае даволі вялікую свабоду веравызнання і евангелізацыі, у той час як у мацерыковай частцы Кітая існуе доўгая гісторыя пераследу хрысціянаў, якія супрацьстаяць ураду.
«Самае неабходнае на сённяшні момант — гэта малітва, — сказаў кардынал. — Нам няма на што спадзявацца. Ганконг цяпер цалкам знаходзіцца пад кантролем [Кітая]. Мы залежым ад Кітая нават у адносінах нашай ежы і вады. Але мы аддаем сябе ў рукі Бога».
Ганконг з’яўляецца «спецыяльным адміністрацыйным раёнам» Кітая, гэта значыць, што ў яго ёсць уласны ўрад, аднак, нягледзячы на гэта, ён застаецца пад кантролем КНР. Да 1997 г. Ганконг быў брытанскай калоніяй, але быў ввернуты Кітаю па прынцыпе «адна краіна, дзве сістэмы», што дазваляла яму мець сваю заканадаўчую ўладу і эканамічную сістэму.
Адкрытасць Ганконга для знешняга свету, празрыстасць бізнесу і банкаўскага рэгулявання, у адрозненне ад мацерыковага Кітая, ператварылі яго ў цэнтр глабальнага бізнесу, банкаўскай і фінансавай дзейнасці.
21 мая Кітай заявіў пра план прыняцця так званых «законаў бяспекі», якія закрануць Ганконг, прычым кітайскія чыноўнікі ў Пекіне адзначылі, што Нацыянальны народны кангрэс, заканадаўчы орган краіны, абыдзе ганконгскае заканадаўства і навяжа рэгіёну змены. Графік рэалізацыі Пекінам новых мер не быў указаны ў рэзалюцыі, але некаторыя заканадаўцы чакаюць, што больш дэталёвыя звесткі будуць абвешчаны ў бліжэйшыя месяцы.
Прадэмакратычныя пратэсты ў Ганконгу, у якіх удзельнічала шмат католікаў, былі скіраваны супраць мінулагодніх намаганняў заканадаўчай улады прыняць спрэчны законапраект, які дазволіў бы мацерыковаму Кітаю экстрадыяваць магчымых злачынцаў з Ганконга. У мінулыя выхадныя пратэстуючыя ў Ганконгу ў вялікай колькасці выступілі супраць планаў ураду навязаць законы аб бяспецы.
Многія з каталіцкіх лідараў Ганконга публічна падтрымалі гэтыя пратэсты.
У красавіку Камісія па пытаннях справядлівасці і міру Ганконгскай дыяцэзіі патрабавала ад ураду адказаць на патрабаванні, да якіх прадэмакратычныя дэманстранты заклікалі некалькі месяцаў.
Кардынал Чэнь падкрэсліў, што, хоць ён верыць, што многія ў каталіцкай супольнасці Ганконга выступаюць супраць дзеянняў Кітая, ён заклапочаны тым, што Ватыкан прызначыць новага біскупа, які, магчыма, не так рашуча настроены ў падтрымку дэмакратычных каштоўнасцяў.
«Нават наша [каталіцкая] супольнасць раскалолася, бо ўсе ў Ганконгу павінны стаць на чыйсьці бок. Нават сем’і падзелены», — пракаментаваў іерарх.
Дыяцэзія Ганконга не мае пастаяннага кіраўніцтва са студзеня 2019 г., калі раптоўна памёр біскуп Міхал Ён Мінчхён.
Пасля яго смерці дыяцэзіяй часова кіраваў кардынал Ян Тун Хон, папярэднік біскупа Ёна, які сышоў у адстаўку ў 2017 г. Калі ў студзені стала вядома, што рашэнне прызначыць кс. Пітэра Чоя Вай Мана наступным біскупам было ўхвалена ў Ватыкане, мясцовае духавенства і свецкія вернікі выказалі занепакоенасць тым, што гэты святар лаяльны да кітайскага камуністычнага ўраду.
«Я думаю, большасць вернікаў упэўнена, што ўлада не мае рацыі, — сказаў кардынал Чэнь. — І вы толькі падумайце, за ўсе гэтыя гады, з усё большым узмацненнем пераследу ў Кітаі, з усімі жорсткасцямі, зверствамі паліцыі ў дачыненні да нашай моладзі — ні слова з Ватыкана». «Мы спадзяемся на дапамогу з нябёсаў… з чалавечага пункту гледжання нам няма на што спадзявацца», — дадаў ён.
ЗША, Вялікабрытанія, Аўстралія і Канада выступілі з сумеснай заявай, у якой абвінавацілі Кітай у парушэнні яго абавязкаў згодна з дамовай 1997 г., у адпаведнасці з якой Ганконг быў перададзены Кітаю.
Як адзначыў кардынал Чэнь, намаганні Пекіна па падрыве аўтаноміі Ганконга не сталі для яго сюрпрызам, таму што старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Дзыньпін ужо ўстанавіў у Ганконгу лаяльных да сябе лідараў.
«Няма больш „адной краіны, дзвюх сістэм“. [Кітай] не адважыўся сказаць гэта менавіта такімі словамі, але факт застаецца фактам», — сказаў іерарх.
Разам з тым ён выказаў некаторае здзіўленне з прычыны апошніх дзеянняў Кітая, якія прывялі да таго, што ЗША заявілі, што Ганконг больш не аўтаномны.
«Усе разумеюць, што Ганконг вельмі карысны Кітаю для абмену валюты і многага іншага — інвестыцый замежных прадпрыемстваў… а цяпер яны гатовыя ўсё разбурыць, а мы нічога не можам з гэтым зрабіць, таму што Ганконг — маленькая тэрыторыя, [Кітай] можа разбурыць яе, як захоча, — сказаў кардынал. — Я мяркую, што міжнародная супольнасць павінна ўсвядоміць свой маральны абавязак абараняць Ганконг, дзе мы жывем у адпаведнасці з міжнароднымі каштоўнасцямі. А таксама дзеля іх уласных інтарэсаў, таму што разбурэнне нашай сістэмы ў Ганконгу нікому не выгаднае».
Асноўны закон Ганконга патрабуе, каб ён прыняў свае ўласныя законы супраць сепаратысцкай, падрыўной і іншай дзейнасці, якая пагражае дзяржаўнай бяспецы. У 2003 г. урад Ганконга пачаў прымаць такі закон, але, па словах кардынала Чэня, «у вельмі дрэнным выглядзе», яго праект быў недастаткова распрацаваны, і ўрад дазволіў правесці толькі вельмі кароткія кансультацыі.
«Мы не супраць таго, каб закон быў прыняты, але хочам, каб ён быў добра сфармуляваны. Таму што закон, які яны прадстаўлялі, быў супраць усіх нашых свабод», — дадаў іерарх.
Пасля 2003 г. сітуацыя працягвае абвастрацца, таму ў ганконгскага заканадаўчага органа няма магчымасці стварыць «добры закон», адзначыў ён.
«Мы не прымем ні адзін закон, прыняты ўрадам, які не будзе адлюстроўваць інтарэсы народа, — падкрэсліў кардынал. — Яны абяцалі дэмакратычныя выбары, але сёння няма нічога, што магло б сведчыць пра такія выбары. Мне здаецца, што Сі Дзыньпін знаходзіцца пад пастаянным ціскам, як з боку міжнароднай супольнасці, так і знутры Кітая — з боку яго ворагаў ва ўрадзе, і таму Ганконг — гэта своеасаблівая „стрэмка“ ў яго баку. І таму ён проста хоча пазбавіцца ад гэтага».
На наступны дзень пасля таго, як Пекін заявіў пра намер прыняць законы аб барацьбе з падбухторваннем да мецяжу, дыяцэзія Ганконга абвясціла пра аднаўленне грамадскіх сходаў, нягледзячы на працяг пандэміі каранавірусу.
Па словах Апостальскага адміністратара кардынала Джона Тонга, цэлебрацыя Імшы з удзелам вернікаў у будні будзе адноўлена ў дыяцэзіі 1 чэрвеня, а ў нядзелю — 7 чэрвеня. Касцёлы ў Ганконгу па-ранейшаму запоўнены напалову, вернікі маюць магчымасць сачыць за трансляцыямі набажэнстваў анлайн.