Пошук

21.05.2020 16:16   Паводле: Сatholicnewsagency.com / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява Canal Vie

Прыняты на гэтым тыдні венгерскім парламентам законапраект прадугледжвае, што пасведчанні аб нараджэнні і іншыя дакументы, якія сведчаць асобу, павінны будуць указваць пол чалавека пры нараджэнні і не могуць быць зменены на падставе гендарнай ідэнтычнасці.

Як паведамляе агенцтва CNА, законапраект быў прапанаваны партыяй Фідэс – Венгерскі грамадзянскі саюз на чале з прэм’ер-міністрам Венгрыі Віктарам Орбанам. У парламенце краіны папраўку да закону падтрымалі 133 дэпутаты, 53 прагаласавалі супраць.

Орбан падкрэсліў, што гэты законапраект дапаможа пазбегнуць прававой нявызначанасці.

Пол індывіда будзе адлюстраваны ў афіцыйных дакументах і нацыянальным рэестры пад словамі «пол, прысвоены пры нараджэнні».

Прыхільнікі законапраекту сцвярджаюць, што цалкам змяніць біялагічны пол чалавека немагчыма і гэтая рэальнасць павінна быць адлюстравана ў рэестры актаў грамадзянскага стану.

Аддзел па сувязях з грамадскасцю ўрадавага апарату падкрэсліў, што гэтыя змены «не закранаюць правоў мужчын і жанчын свабодна выражаць і рэалізоўваць сваю асобу так, як яны гэтага пажадаюць».

Абаронцы ЛГБТ-згуртавання і апазіцыйныя партыі адразу асудзілі закон, сцвярджаючы, што ён можа прывесці да дыскрымінацыі ў дачыненні да трансгендарнай супольнасці. Дэпутат Бернадэт Сель назвала гэты закон «злом». Старшыня праваахоўнай групы Transvanilla Transgender Association Ціна Корлас Орбан сказала, што змена палітыкі створыць пачуццё панікі сярод трансгендарнай супольнасці. «Проста няма слоў, каб апісаць нашы пачуцці. У людзей, якія многія дзесяцігоддзі не мелі суіцыдальных думак, цяпер яны з'явіліся. У многіх паніка, яны хочуць збегчы з Венгрыі ў месца, дзе будуць прызнаваць іх палавую прыналежнасць», — дадала яна.

Ватыканская Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі ў мінулым годзе асудзіла гендарную ідэалогію і пацвердзіла прынцыпы чалавечай годнасці, адрознення і ўзаемадапаўняльнасці, не прымаючы пры гэтым несправядлівую дыскрымінацыю.

«Ва ўсіх такіх [гендарных] тэорыях, ад самых умеркаваных да самых радыкальных, існуе адзінадушнае меркаванне, што гендарная прыналежнасць чалавека ў канчатковым выніку разглядаецца як больш важная, чым прыналежнасць да мужчынскага ці жаночага полу»,

— адзначаецца ў дакуменце Кангрэгацыі 2019 г. пад назвай «Ён стварыў іх мужчынам і жанчынай».

«Вынікам гэтага кроку з'яўляецца, галоўным чынам, стварэнне культурнай і светапогляднай рэвалюцыі, якую вядзе рэлятывізм, і, як наступства, прававыя рэформы, таму што такія перакананні прэтэндуюць на канкрэтныя правы для індывідуума і для ўсяго грамадства», — сказана ў дакуменце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця