Пошук

19.05.2020 14:49   Паводле: Wiara.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Pinterest

Хрысціяне і юдэі ва ўсім свеце пратэстуюць супраць выдання Дацкім біблейскім таварыствам «паліткарэктнай» Бібліі. У ёй слова «Ізраэль» было заменена, наколькі магчыма, словам «мы».

Як паведамляе Wiara.pl, зніклі таксама такія словы, як «грэх», «ласка», «міласэрнасць» і «прымірэнне». Усё гэта для таго, каб, як сцвярджаюць аўтары новага перакладу, лепш данесці яе сэнс да сучасных секулярызаваных датчанаў, «якія ўжо не разумеюць пэўных фармулёвак».

Яшчэ ў 2012 г. выйшаў пераклад Новага Запавету, дзе амаль не ўжываецца слова «Ізраэль», каб «дацкія лютэране не блыталі біблейскага народа Ізраэля з сучаснай дзяржавай Ізраіль».

Такое ж тлумачэнне з’явілася і сёння, калі быў выдадзены «абноўлены» Стары Запавет. Гэта адзначыў Ян Фрост, дацкі юдэй, які знайшоў біблейскія фальсіфікацыі і публічна выказаўся супраць рэвізавання Святога Пісання, патрабуючы адмены ўнесеных паправак.

Абсурднасць зменаў ён пацвярджае між іншым на прыкладзе Кнігі Быцця (Быц 32, 28), дзе гаворыцца, што Бог замест таго, каб называць Якуба імем «Ізраэль», называе яго «мы». Як кажа Фрост, у дацкім перакладзе Новага Запавету слова «Ізраэль» было заменена ў 59 з 60 выпадкаў, у той час як у Старым Запавеце ў 9 працэнтах выпадкаў.

Супраць фальсіфікацый у натхнёным Богам тэксце выступілі біблейскія таварыствы ва ўсім свеце. «Мы здзіўлены зробленымі зменамі. Нават калі яны павінны былі дапамагчы ў лепшым данясенні сэнсу да секулярызаванага чытача, трэба памятаць, што ніколі нельга фальсіфікаваць значэнне Божага слова», — сцвердзілі навукоўцы з Ізраіля, патрабуючы адклікаць «паліткарэктныя» Бібліі.

Да іх далучылася шмат хрысціянаў ва ўсім свеце, нагадваючы, што замест таго, каб дастасоўваць Божае слова да нашых часоў, трэба лепш адукоўваць людзей, у тым ліку ў веданні Бібліі, і евангелізаваць, каб яна стала для іх блізкай, зразумелай і жыццядайнай.

Паліткарэктныя ж пераклады, якія робяцца між іншым пад уплывам росту мусульманскай супольнасці ў Даніі, не служаць, на іх думку, гэтай мэце.

Абноўлена 19.05.2020 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа