Пошук

18.05.2020 14:05   Паводле: netny.tv / Catholic.by
Фота netny.tv

18 мая ў Італіі пасля больш чым двухмесячнай ізаляцыі зноў адбываецца цэлебрацыя святых Імшаў з удзелам вернікаў. Перад гэтым была праведзена поўная дэзінфекцыя кожнага касцёла Рыма.

Як паведамляе Netny.tv, прыбіральшчыкі, апранутыя ў ахоўныя касцюмы, маскі і пальчаткі, разам з вайскоўцамі і святарамі былі прыцягнутыя да стэрылізацыі парафій.

«Мы пачынаем праводзіць санапрацоўку ў 337 парафіях Рыма па просьбе вікарыяту», — сказала мэр горада Вірджынія Раджы.

Унутры і звонку касцёлаў распыляецца дэзінфікуючы сродак — гэта частка патрабаванняў перад аднаўленнем публічных Імшаў.

«У нас 80 брыгад, і з іх дзевяць працуе ў Рыме, — патлумачыў брыгадны генерал Дамэніко Чоцці. — Усе яны спецыялізуюцца на падтрымцы навакольнага асяроддзя». На кожную паверхню распыляецца вадкасць, вырабленая з хлору, спірту або перакісу вадароду. Пасля высыхання месцы зазначаюцца таблічкамі, каб забяспечыць падчас абрадаў адлегласць у адзін метр.

«Наша дэзінфекцыя і штодзённая прыборка складаюцца з апрацоўкі лаваў, алтара і любых зон, да якіх людзі дакранаюцца рукамі», — патлумачыла супрацоўніца клінінгавай кампаніі.

Таксама Ватыкан 18 мая рыхтуецца да адкрыцця. Робіцца прыборка ўнутры базылікі св. Пятра, нацягнута жоўтая стужка, якая будзе размяжоўваць вернікаў перад уваходам у святыню.

Галоўным прыярытэтам усяго гэтага з’яўляецца абарона пажылых людзей ад каранавірусу. Група найбольшай рызыкі складае вялікую частку многіх італьянскіх супольнасцяў.

Даследаванне 2018 г. паказала, што нядзельныя святыя Імшы наведваюць 2,5 млн італьянцаў ва ўзросце 75-і гадоў і старэйшыя, — гэта самая вялікая ўзроставая група, якая наведвае касцёл.

Дэзінфікуючы сродак для рук каля дзвярэй, дыстанцыяванне, маскі і пальчаткі неабходныя кожнаму, хто ўваходзіць у святыню. Такую ўмову паставіў урад Італіі, дамаўляючыся з біскупамі аб адкрыцці касцёлаў.

Абноўлена 18.05.2020 15:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.