Як мінімум 100 немаўлят, якія нядаўна нарадзіліся ў сурагатных маці, «затрыманы» цяпер ва Украіне ў сувязі з тым, што абмежаванні, звязаныя з канаравірусам, не дазваляюць гэтым дзецям пакінуць краіну.
Як паведамляе агенцтва CNA, Украіна — адна з нешматлікіх дзяржаў, якая дазваляе замежнікам выкарыстоўваць сваіх жанчын у якасці сурагатных маці. У выніку гэтага ў ёй існуе не менш за 50 клінік сурагатнага мацярынства, многія з якіх абслугоўваюць амерыканскія, еўрапейскія, кітайскія і амерыканскія пары.
Рыма-Каталіцкі Касцёл і грэка-каталіцкія біскупы ва Украіне 15 мая заклікалі пакласці канец гэтай практыцы, асудзіўшы сурагатнае мацярынства як з'яву, пры якой «людзі разглядаюцца як тавар, які можна замовіць, вырабіць і прадаць».
«Кожнае дзіця — гэта Божы дар, які павінен быць з удзячнасцю прыняты ў шлюбе мужчыны і жанчыны, — гаворыцца ў сумеснай заяве біскупаў. — Кожнае дзіця мае права быць зачатым натуральным шляхам, і кожнае дзіця мае права нарадзіцца ў сям'і і быць выхаваным у атмасферы любові бацькі і маці.
Сурагатнае мацярынства сур'ёзна парушае гэтыя правы і робіць немагчымым для Украіны развіццё на шляху вялікай еўрапейскай спадчыны».
У сакавіку на фоне пандэміі каранавірусу Украіна ўвяла забарону на ўезд у краіну замежнікаў, калі няма канкрэтнага запыту ад адпаведнага пасольства, перадае Reuters. А відэа, нядаўна апублікаванае ў інтэрнэце кампаніяй BioTexCom, найбуйнейшым агенцтвам сурагатнага мацярынства краіны, паказвае амаль 50 немаўлят з нявызначанай будучыняй, пра якіх клапоцяцца ў вялікім гасцінічным нумары ў Кіеве.
«[Відэа] паказвае імправізаваны дзіцячы пакой і 46 плачучых немаўлятаў, якія пазбаўлены мацярынскага дотыку, бацькоўскага цяпла, бескарыслівага клопату, такой неабходнай любові, але ўспрымаюцца як набыты тавар, за якім пакупнік не прыйшоў. Такая дэманстрацыя пагарды да чалавечай асобы і яе годнасці недапушчальная. І ўсё гэта здзяйсняецца дзякуючы легалізаванаму сурагатнаму мацярынству», — адзначылі біскупы.
15 мая ўпаўнаважаны па правах чалавека ва Украіне заявіў журналістам, што колькасць такіх дзяцей, якія чакаюць, хутчэй за ўсё, вырасце да тысячы, калі абмежаванні на паездкі будуць працягнуты.
Яшчэ да пандэміі з'явіліся паведамленні, што па меншай меры адно дзіця, якое нарадзілася ў сурагатных маці ва Украіне, было кінута амерыканцамі, якія мелі намер вырасціць яго.
Сурагатная маці ў кампаніі BioTexCom можа разлічваць на атрыманне 15-17 тысяч долараў за выношванне дзіцяці.
«Практыка сурагатнага мацярынства, яго прадмет, мэта і сродкі дасягнення маральна недапушчальныя... Камерцыйная аснова сурагатнага мацярынства з маральнага пункту гледжання заслугоўвае яшчэ больш суровай ацэнкі, паколькі яна дадае маральнага зла куплі-продажу функцый арганізму і асобы нованароджанага дзіцяці, — адзначаюць украінскія іерархі. — Ніякія абставіны або наступствы не могуць апраўдаць практыку сурагатнага мацярынства».
Украінскі ўпаўнаважаны па правах чалавека прапануе змяніць заканадаўства краіны, каб дазволіць выключна ўкраінскім сем’ям карыстацца паслугамі сурагатнага мацярынства.
Біскупы пайшлі яшчэ далей, заклікаўшы забараніць усё сурагатнае мацярынства ў краіне і адзначыўшы, што Еўрапейскі парламент неаднаразова «адназначна асуджаў практыку сурагатнага мацярынства» як «эксплуатацыю жанчыны, паколькі яе цела і яго рэпрадуктыўныя функцыі выкарыстоўваюцца ў якасці тавару».
Іерархі заклікалі ўлады краіны прыняць меры па аказанні дапамогі ўкраінскім сем'ям, каб жанчыны не звярталіся да сурагатнага мацярынства як да крыніцы даходу.