Ахвярай каранавірусу стаў 82-гадовы кангалезскі іерарх Жэрар Мулумба Калемба, біскуп на пенсіі дыяцэзіі ў Мвека (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, біскуп трапіў у шпіталь у сталіцы краіны Кіншасе, дзе 15 красавіка адышоў у вечнасць.
ДРК з’яўляецца другой пасля Камеруна афрыканскай краінай, якая найбольш церпіць ад эпідэміі каранавірусу.
На сёння там выяўлена больш за 300 выпадкаў заражэння. 25 хворых памерлі, 27 ачунялі.
Сітуацыя ў Конга выклікае асаблівую занепакоенасць таксама ў сувязі з пагрозаю эпідэміі эболы. Мінула больш за тры месяцы з таго часу, як са шпіталя быў выпісаны апошні пацыент з такім дыягназам. Здавалася, што эпідэмічная пагроза ў краіне мінула. Аднак нядаўна былі выяўлены тры новыя выпадкі заражэння эболай. Два чалавекі ўжо памерлі.
Тым часам працягваецца рэабілітацыя кардынала Філіпа Уэдрааго, арцыбіскупа Уагадугу (Буркіна-Фасо), Старшыні Рады Канферэнцый Біскупаў Афрыкі і Мадагаскара, які быў выпісаны са шпіталя, куды трапіў у выніку пазітыўнага тэсту на COVID-19.