Заснавальнікі «Сужэнскіх сустрэч» Ірэна і Ежы Гжыбоўскія скіравалі пасланне да ўсіх удзельнікаў гэтага касцёльнага руху, які дзейнічае таксама ў Беларусі, нагадаўшы пра важнасць прынцыпаў дыялогу ў перажыванні часу выпрабавання.
Пасланне апублікавала 21 красавіка Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва KAI. Прапануем пазнаёміцца з тэкстам паслання ў перакладзе на беларускую мову, што будзе карысна не толькі ўдзельнікам «Сужэнскіх сустрэч», але ўсім, хто хоча скарыстацца магчымасцю паглыбіць сваё духоўнае жыццё.
Мы ўпэўнены, што такі дыялог, як мы яго пазналі на «Сужэнскіх сустрэчах», — гэта дар Божай Міласэрнасці; адзін са струменяў ласкаў, якія выходзяць з боку Езуса ў бачанні святой Фаўстыны, што адлюстравана на абразе «Сужэнскіх сустрэч». Езу, давяраю Табе, што дыялог, як паказаў вопыт наш і тысяч удзельнікаў розных форм працы, з’яўляецца для нас найлепшым шляхам жыцця. І не толькі ў сужэнстве, але таксама ў грамадскім, палітычным, а перадусім у духоўным жыцці.
Асабліва цяпер ён з’яўляецца дарам на цяжкія часы.
Чатыры асноўныя прынцыпы дыялогу: больш слухаць, чым казаць; больш разумець, чым ацэньваць; больш дзяліцца сабой, чым спрачацца; а перадусім — прабачаць, надзвычай проста сфармуляваць, але вельмі цяжка рэалізоўваць у штодзённым жыцці, а таксама ў жыцці грамадскім і палітычным. Тысячы сужэнстваў, якія мы захавалі ад разводу дзякуючы прыняццю гэтых прынцыпаў, шмат законных сясцёр і святароў, якія ўмацавалі сваё пакліканне і паглыбілі сваю сувязь з Богам, вялікая колькасць людзей, якія змянілі свае адносіны з супрацоўнікамі, а настаўнікі — з дзецьмі ў школе, — яскрава пра гэта сведчаць.
Надзвычай важнаю ўмоваю жыцця, згоднага з прынцыпамі дыялогу, з’яўляецца эмацыйная сталасць, якой нам так часта не хапае на кожны дзень у сужэнствах, у сем’ях, а таксама ў святарскім і законніцкім жыцці, у грамадскім жыцці, а асабліва ў палітычным. Таму мы вельмі клапоцімся і будзем яшчэ больш клапаціцца пра прынцыпы дыялогу і пра эмацыйную сталасць у межах даступных нам магчымасцяў. Бо так выглядае шлях жыцця, згоднага з запаведзямі любові да Бога і бліжняга, а таксама са словамі Езуса «Заставайцеся ў Маёй любові» (пар. Ян 15, 9), якія з’яўляюцца подпісам да абраза «Сужэнскіх сустрэч».
Цяпер мы пераходзім ад працы «ў рэальнасці» да віртуальнай працы, анлайн. Але здаецца, што ў духоўным жыцці, асабліва ў разуменні Святога Пісання, адбываецца адваротнае. Шмат словаў, шмат пасланняў, якія Пан Бог пакінуў нам у Святым Пісанні і якія здаваліся крыху тэарэтычнымі, дзесьці ў віртуальнай прасторы, цяпер набываюць нябачаную рэальнасць. Возьмем, напрыклад, нядзельнае чытанне з Паслання святога Пятра: «Гэтаму радуйцеся, нават калі цяпер і давядзецца трохі пасумаваць падчас розных выпрабаванняў, каб правераная вашая вера аказалася нашмат каштоўнейшай за тленнае золата, якое выпрабоўваюць агнём, на славу і хвалу, і пашану падчас аб’яўлення Езуса Хрыста» (1 П 1, 6–7).
Такі дыялог, як мы яго ўспрынялі на «Сужэнскіх сустрэчах», з’яўляецца шляхам да святасці кожнага чалавека. Прынцыпы дыялогу былі намі сфармуляваныя, але ў многіх людзей дзейнічалі заўсёды. Святая Фаўстына слухала, што казаў ёй Езус, і значна менш казала сама, доказ чаго мы знаходзім у яе «Дзённіку». Яна старалася зразумець тое, што кажа ёй Езус, хоць гэта па-рознаму ў яе атрымлівалася, але не ацэньвала таго, чаго не разумела, не мела прэтэнзій і папрокаў да Езуса. Яна дзялілася з Ім сабою, але не спрачалася. Яна была паслухмяная Езусу. Старалася рэалізаваць тое, чаго Ён ад яе чакаў і пра што яе прасіў.
Езус да кожнага з нас звяртаецца вельмі індывідуальна, але ў малітвах нам варта ўслухоўвацца ў Яго голас, разумець Яго, дзяліцца з Ім і адказваць на заклікі, а на «Сужэнскіх сустрэчах» — прымаць асаблівыя заданні, якіх Ён ад нас у цяперашні цяжкі час чакае.
Многія людзі кажуць, што цяпер у іх з’явілася больш часу на малітву. Дыялог — гэта шлях сустрэчы з Богам, але наступствам гэтага дыялогу становяцца рашэнні, прынятыя ў любові; адказ на тое, што Бог нам кажа і чаго ад нас жадае, да чаго нас заклікае. Сітуацыя эпідэміі працягваецца ўжо больш за месяц. Варта задаць сабе пытанне: ці мы з любоўю прынялі новую сітуацыю?
Сёння ў Касцёле шмат гавораць пра тое, што сітуацыя эпідэміі дае шанц на ўнутраную перамену. Так, гэта сапраўды шанц, але ім трэба скарыстацца; патрэбна затрымацца, патрэбны ўнутраны дыялог з сабою, з Панам Богам, у сужэнстве, у сям’і, у святарстве і ў манаскім жыцці, з іншымі людзьмі. Як падказвае вопыт, прынцыпы дыялогу з’яўляюцца ўказальнікамі на гэтым шляху. Але ў кожны з іх трэба глыбей удумацца, разгледзець у кантэксце свайго жыцця, у тым ліку асаблівым чынам пазнаць харызму і місію «Сужэнскіх сустрэч» у актуальных умовах.
Зрэшты, гэта датычыцца ўсіх рухаў і супольнасцяў, усяго Касцёла, усяго сямейнага і грамадскага жыцця.