20 красавіка завяршылася агульнахрысціянская ініцыятыва малітвы аб спыненні пандэміі FinduCovid19.
Пра гэта паведамляе Svjazep.org. У Беларусі да малітвы далучыліся 315 чалавек (столькі зарэгістравалася на сайце).
Між іншым, як адзначаецца, у суботу 11 красавіка, калі прэса абвясціла пра больш за 103 тысячы смерцяў у свеце ад Covid-19 са 193 краін, па апошнім падліку ўдзельнікаў руху выявілася, што таксама 103 тысячы чалавек са 193 краін далучыліся да гэтага міжнароднага руху і маліліся разам, каб спыніць пандэмію.
«Гэтая міжнародная ініцыятыва прынесла шмат плёну, і мы славім Пана, — адзначаюць у арганізацыйным камітэце гэтай акцыі. — Перадусім, мы ўдзячныя Яму за любоў да адзінства, якую Ён паслаў нам, якія належаць да розных народаў і розных хрысціянскіх канфесій.
Мы таксама дзякуем Яму за зніжэнне колькасці выпадкаў захворвання Covid-19, якое было адзначана за апошнія дні ў некалькіх сур'ёзна пацярпелых краінах (такіх, як Італія, Іспанія, Францыя...). Так, дзякуй, Езус!»
«Вядома, мы будзем працягваць памятаць і маліцца за ўсіх, хто ўсё яшчэ пакутуе ад гэтай пандэміі (пацыенты, медыцынскі персанал, сем'і)...
Такім чынам, хоць гэтая ініцыятыва падыходзіць да канца, малітва не павінна спыняцца», — дадаюць арганізатары, а таксама запрашаюць усіх жадаючых працягваць маліцца за свет.