Ардынарый Саратаўскай дыяцэзіі (Расія) біскуп Клеменс Пікель быў вымушаны самаізалявацца з-за знаходжання ў яго каранавірусу.
Як адзначае Взгляд-инфо, пра гэта ў Facebook паведаміў 7 красавіка айцец Штэфан Ліпке SI, сябар іерарха.
«Просім аб малітвах за біскупа Клеменса Пікеля з Саратава. У яго тэст на каранавірус даў, на жаль, станоўчы вынік. Праўда, ён не хварэе, але жахліва цяжка для біскупа якраз у велікодныя дні знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі, хоць і дома. Акрамя таго, малітвы аб яго здароўі зараз неабходныя!» — гаворыцца ў звароце а. Штэфана Ліпке да вернікаў.
Сам біскуп Пікель звярнуўся да іх напярэдадні.
Ён адзначыў, што 6 красавіка яму паведамілі пра станоўчы тэст на каранавірус, таму ён знаходзіцца ў поўнай самаізаляцыі дома ў Саратаве і не можа ўзначаліць цэлебрацыю набажэнстваў Пасхальнага трыдууму ў катэдры. «Сімптомаў хваробы ў мяне няма. Адчуваю сябе добра. Усё ж дзякую за вашы малітвы, якія нас аб’ядноўваюць у вялікую сям’ю нашай дыяцэзіі», — піша іерарх.
Біскупу Клеменсу Пікелю патэлефанаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, выказаўшы іерарху словы падтрымкі.