Змяшчаць на дзвярах сваіх дамоў абраз Езуса Міласэрнага заклікае вернікаў падчас эпідэміі каранавірусу ксёндз Крыс Алар з Супольнасці ксяндзоў марыянаў Беззаганнага Зачацця, які нясе служэнне ў Нацыянальным санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Стокбрыджы (штат Масачусэтс, ЗША).
Як 30 сакавіка паведаміў мясцовы сайт Lifesitenews.com, святар лічыць, што такім чынам можна выразіць «просты, але магутны» акт веры ў Божую Міласэрнасць і абараніць сям’ю падчас пандэміі.
У спецыяльным відэазвароце ксёндз Крыс Алар МІС запрашае «запячатаць» дзверы дамоў славутым ласкамі абразом Уваскрослага Хрыста з надпісам «Езу, давяраю Табе», які быў намаляваны ў Вільні паводле аб’яўленняў святой сястры Фаўстыне Кавальскай.
Гэтая прапанова амерыканскага святара грунтуецца на аповедзе са Старога Запавету, з кнігі Зыходу, дзе ідзе гаворка пра тое, як у егіпецкай зямлі сынам Ізраэля быў дадзены наказ пазначыць крывёю пасхальнага ягняці «вушакі і бэльку над дзвярамі» ў дамах.
«І будзе кроў знакам на вашых дамах, дзе вы будзеце. І калі Я ўбачу кроў, абміну вас, і не будзе сярод вас згубнага мору, калі буду караць зямлю егіпецкую» (Зых 12, 13).
У сваім відэазвароце марыянін са Злучаных Штатаў тлумачыць, што абраз Езуса Міласэрнага паказвае «Пана, Баранка Божага, ахвяраванага за нас, з Сэрца якога льецца кроў і вада — знак Божай Міласэрнасці для ўсяго свету».
«Праз святую Фаўстыну Пан Бог абяцае нам, што душа, якая будзе ўшаноўваць Божую Міласэрнасць і гэты абраз, ніколі не загіне. Ён таксама абяцае перамогу над нашымі ворагамі ўжо тут, на зямлі, асабліва ў хвіліну смерці, і што Ён сам будзе абараняць нас, як сваю ўласную хвалу», — упэўнены ксёндз Крыс Алар МІС.