Пасля нядзельнай літургіі 29 сакавіка ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл адзначыў, што «Царква заклікае сёння, да ахвяраў у нашых сем'ях, прыняць на сябе абавязак строга выконваць усе прадпісанні, якія зыходзяць ад санітарных уладаў у Расіі».
«Прыклад Марыі Егіпецкай сведчыць пра тое, што і без наведвання святыні можна збавіцца. Бо гэта не нейкі штучны прыклад я вам прывёў, а прыклад святой, якую мы ўспамінаем на гэтым тыдні. Святой, якая сышла з усіх святыняў і манастыроў і пайшла ў пустыню», — сказаў іерарх, словы якога прыводзіць афіцыйны сайт Маскоўскага Патрыярхату.
«Няма сёння ні ў Маскве, ні ў Пецярбургу, ні ў іншых гарадах пустыняў. Але ёсць месца, якое можа стаць пустыняй, — гэта наш уласны дом. Давайце зробім нашы дамы пустыняй, давайце будзем там узносіць гарачую малітву.
Давайце ўскладзем на сябе подзвіг не выходзіць з нашых дамоў, як узяла на сябе подзвіг Марыя Егіпецкая — не выходзіць з пустыні.
А ёй жа, напэўна, таксама есці і піць хацелася! Хоць у сучасных гарадах ёсць магчымасць атрымаць і напоі, і ежу, не выходзячы са сваёй пустыні», — дадаў Патрыярх.
«Нічога ў Бога не бывае выпадковым, — адзначыў кіраўнік Рускай Праваслаўнай Царквы. — Усё здарылася менавіта ў гэтыя дні — каб мы, гледзячы на подзвіг Марыі Егіпецкай, навучыліся таму, як можа збаўляцца па-за царквой, у поўнай адзіноце. Толькі самае галоўнае — збаўляцца, а не, прабачце, строіць дурня, як гэта робяць тыя, хто нават дні, якія дзяржава дала для засяроджання, для спакою, для нейкай рэарганізацыі жыцця, прысвячаюць забавам на вольным паветры, шашлыкам, музыцы і ўсяму іншаму, думаючы, быццам людзям проста канікулы прапанавалі».
«Не канікулы! Гэта час канцэнтрацыі думкі, упарадкавання сямейнага жыцця, адносінаў з калегамі, з роднымі і блізкімі. Для таго, каб кожным была распрацавана і прынята мадэль бяспечных зносінаў — падобна да таго, як у аддаленай пустыні Марыя Егіпецкая сфармавала мадэль бяспечных зносінаў са светам, заражаным грахом.
Марыя змагалася з д'яблам, які ўдараў у чалавечыя душы, а сёння мы павінны змагацца з сіламі зла, якія ўдараюць у нашы фізічныя целы, а праз гэта — у нашы душы»,
— падкрэсліў Патрыярх Кірыл.
«Таму я заклікаю вас, мае дарагія, у бліжэйшыя дні, пакуль не будзе адмысловага Патрыяршага благаслаўлення, устрымацца ад наведвання святыняў, а калі хтосьці вам штосьці скажа, нагадайце прыклад Марыі Егіпецкай. У нас няма іншага адказу, таму што мы любім свае святыні. 51 год я прамаўляю казанні з кафедраў, заклікаючы людзей прыходзіць у святыні, пераадольваць цягу ўласнай злой волі і знешніх абставінаў. Гэтаму закліку я прысвяціў усё сваё жыццё! Спадзяюся, вы разумееце, як цяжка мне сёння сказаць: устрымайцеся ад наведвання святыняў; і я, напэўна, ніколі б гэтага не сказаў, калі б не дзіўны, збаўчы прыклад святой Марыі Егіпецкай, — дадаў іерарх. — Верым, што і сёння Пан заклікае нас ісці яе шляхам нават ва ўмовах сучасных мегаполісаў».