Дон Джузэпэ Бэрардэллі, дэкан Казніга ў Ламбардыі, памёр ад каранавірусу, адмовіўшыся ад апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх на карысць больш маладога пацыента.
Гісторыю святара, які аддаў жыццё за бліжняга, распавёў 23 сакавіка італьянскі сайт Аraberara.it. 72-гадовы дон Джузэпэ ўжо пэўны час меў праблемы са здароўем, з-за чаго павінен быў неўзабаве завяршыць сваё служэнне ў якасці дэкана. Аднак яно завяршылася раней, паколькі святар, як і многія яго суайчыннікі, заразіўся COVID-19 і трапіў у шпіталь у Лавэрэ, што непадалёк ад Бергама.
Вернікі ўзгадваюць свайго душпастыра як чалавека адкрытага, светлага і простага, адданага служэнню і здольнага арганізатара.
Адрозніваючыся вялікай сціпласцю жыцця, ён разам з тым умеў знаходзіць сродкі на аднаўленне святынь і на пабудову новага араторыя, што стала яго галоўнай справай.
Даведаўшыся пра тое, што іх пробашч і дэкан трапіў у бяду, вернікі парафіі на ўласныя сродкі набылі апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, жыццёва неабходны ў такіх выпадках. Аднак дон Джузэпэ свядома і дабравольна адмовіўся ад гэтага дару, хоць ён яму быў так патрэбны, і перадаў апарат малодшаму пацыенту. Без неабходнай медыцынскай прылады святар неўзабаве памёр у шпіталі.
Гэты жэст самаахвярнай любові да бліжняга глыбока крануў медперсанал клінікі, які ў складанай сітуацыі змагаецца за жыццё людзей, робячы для гэтага ўсё магчымае ва ўмовах недахопу лекаў і неабходнага абсталявання.
«Ён быў святаром, які выслухоўваў усіх, які ўмеў слухаць. Хто б да яго ні звяртаўся, ведаў, што можа разлічваць на яго дапамогу», — так узгадвае яго Кляра Полі, былая кіраўніца мясцовай адміністрацыі Ф’ёрана, дзе дон Джузэпэ Бэрардэллі доўгі час быў пробашчам. Жанчына з хваляваннем кажа: «Гэта быў вялікі чалавек, — і з усмешкаю дадае: — Я запамятала яго на старэнькім матацыкле Guzzi, які ён вельмі любіў. Пры сустрэчы ён заўжды быў вясёлы і поўны аптымізму; ён дарыў спакой і радасць нашым супольнасцям».
На заканчэнне спадарыня Полі кажа: «Яго адыход — гэта „да пабачэння“. Ён не пакінуў нас у самоце і звыш чувае над намі. Ён і па аблоках лётае на сваім матацыкле, і хто ведае, колькі праектаў там ажыццяўляе, таксама і для нас…»
Журналісты Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва КАІ адзначаюць, што італьянскія карыстальнікі сеціва ў сваіх каментарах параўноўваюць самаахвярны ўчынак дона Джузэпэ Бэрардэллі з подзвігам любові святога Максімільяна Марыі Кольбэ, які аддаў сваё жыццё ў канцэнтрацыйным лагеры замест іншага асуджанага.