На 28-м Генеральным капітуле салезіянаў на пасаду Генеральнага настаяцеля на 2020–2026 гады быў пераабраны ксёндз Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB. Выбары адбыліся ў першым туры галасавання.
У Генеральным капітуле салезіянаў, які праходзіў з 16 лютага ў Турыне (Італія), удзельнічаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB.
Як паведамляе Sdb.by, ксёндз Анхэль Фэрнандэс Арцімэ нарадзіўся 21 жніўня 1960 г. у Луанцо-Гозон Астурыя (Іспанія). Першыя манаскія абяцанні прыняў 3 верасня 1978 г., вечныя — 17 чэрвеня 1984 г. у Сант’яга-дэ-Кампастэла.
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 4 ліпеня 1987 г. у Леонэ. У 2000 годзе быў абраны інспектарам Леонскай інспекторыі на шэсць гадоў.
Належаў да камітэта, які падрыхтаваў 26-ы Генеральны капітул. У 2009 г. быў прызначаны інспектарам Паўднёвай Аргенціны.
Мае навуковую ступень доктара пастаральнай тэалогіі і ступень ліцэнцыята ў галіне філасофіі і педагогікі.
23 снежня 2013 г. быў прызначаны настаяцелем новай інспекторыі ў Іспаніі, але не змог заняць гэтую пасаду, паколькі 25 сакавіка 2014 г. на 27-м Генеральным капітуле быў абраны Генеральным настаяцелем салезіянскай сям’і.