16 лютага ў Турыне (Італія) распачаўся 28-ы Генеральны капітул салезіянскага таварыства.
Як паведамляе Sdb.by, салезіяне з розных куткоў свету сабраліся разам, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, якія ставіць перад імі сучаснасць. Тэматыка сёлетняга капітулу ўяўляе сабой адначасова і канкрэтнае пытанне, якое прадстаўнікі таварыства задаюць самі сабе: якія салезіяне для сучаснай моладзі? Адказ на гэтае пытанне дапаможа салезіянам працягваць быць для маладога чалавека, як кажа Канстытуцыя, знакам Божай Любові.
Гэтае пытанне з’яўляецца фундаментальным, таму што закранае ўсе аспекты жыцця салезіяніна-святара, які павінен мець сэрца Добрага Пастыра: яго духоўнасць, яго фармацыю, яго адукацыю, яго асабістае сведчанне і г.д.
Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы капітулу прымала моладзь, якая мела магчымасць загадзя прадставіць свае ідэі і прапановы.
У сёлетнім капітуле ўдзельнічае рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Ён распавёў аб тым, што сабой уяўляе Генеральны капітул, як праходзіць і якім чынам яго вынікі ўплываюць на салезіянскае таварыства і паўсюдны Касцёл.
Як адзначыў святар, Генеральны капітул — гэта, «па-першае, асноўны знак адзінства таварыства пры ўсёй яго разнастайнасці», «па-другое, капітул уяўляе сабой братнюю сустрэчу, падчас якой салезіяне з усяго свету супольна разважаюць, як захаваць вернасць Евангеллю і харызме заснавальніка і адчувальнасць да знакаў часу і месца». З дапамогай Генеральнага капітулу «ўсё таварыства, давяраючы сябе кіраванню Духа Пана, стараецца спазнаць Божую волю ў канкрэтны гістарычны момант дзеля лепшага служэння Касцёлу».
Таксама, дадаў святар, гэта «орган Кангрэгацыі, які мае найвышэйшую ўладу».
Кожныя шэсць гадоў капітул прысвечаны нейкай канкрэтнай тэме.
Парадак абраду Генеральнага капітулу распрацоўваецца яшчэ да яго распачацця спецыяльнай камісіяй, паведаміў кс. Віктар Гайдукевіч. Працоўныя пасяджэнні капітулу распачынаюцца са справаздач аб дзейнасці ўсёй Канрэгацыі за апошнія шэсць гадоў, што ўключае справаздачы паасобных рэгіёнаў і Генеральнага настаяцеля. Затым капітульныя айцы маюць час на вывучэнне справаздачы і ўдакладняючыя пытанні.
Ствараюцца «адмысловыя камісіі, якія апрацоўваюць справаздачу паасобных сектараў і працуюць у тэматыцы Генеральнага капітулу, беручы пад увагу навучанне Святога Айца, а таксама важныя дакументы апошніх Сінодаў Біскупаў, каб быць у сваіх разважаннях сугучнымі з паўсюдным Касцёлам».
Дзесьці ў сярэдзіне працы капітулу праводзяцца выбары Генеральнага настаяцеля і яго рады, паасобных адказных за сектары і рэгіёны. Пасля працягваецца праца над тэматыкай і паасобнымі сектарамі капітулу, выпрацоўваюцца галоўныя тэматычныя элементы, якія пасля будуць перанесеныя на паасаобныя ўзроўні Кангрэгацыі.
Вынікі капітулу — гэта, па словах кс. Гайдукевіча, «свайго роду арыенцір для ўсёй Кангрэгацыі на наступныя шэсць гадоў».
«Кожны капітул заўсёды мае галоўную тэму, актуальнае пытанне, якое ў сваёй сутнасці адказвае на патрэбы і выклікі часу, перад якімі стаіць салезіянскае таварыства сёння, — адзначыў святар. — Калі мы кажам пра вынікі сёлетняга капітулу, то трэба падкрэсліць, што яны маюць экзістэнцыйнае значэнне.
Значэнне, якое нельга недаацаніць, бо вынікі датычацца трох галоўных ядраў Кангрэгацыі: прыярытэтнасць салезіянскай місіі для сённяшняй моладзі, кваліфікацыя салезіяніна сёння, наш супольны шлях са свецкімі асобамі ў рэалізацыі салезіянскага апостальства і супольнай адукацыі. Аналізуючы гэтыя тры важныя элементы, салезіянская Кангрэгацыя робіць свайго роду мадэрнізацыю свайго быцця і сваёй дзейнасці ў паўсюдным Касцёле».
Кажучы пра змены пасля правядзення мінулых капітулаў, святар заўважыў, што яны могуць быць вельмі рознага характару. Яны «могуць датычыцца рознай матэрыі ўсёй Кангрэгацыі ў цэлым свеце і на яе асобных ўзроўнях, пачынаючы ад персанальных змен для анімацыі найважнейшых сектараў і генеральнага кіраўніцтва Кангрэгацыі ці структурных змен для аптымізацыі функцыянавання Кангрэгацыі ў розных рэгіёнах свету, заканчваючы зменай Канстытуцыі, хоць у гэтым выпадку патрабуецца зацвярджэнне адпаведнай інстанцыі Апостальскай Сталіцы».
«Падчас апошняга Генеральнага капітулу, напрыклад, была зменена структура Кангрэгацыі ў Еўропе.
Кожны капітул, паколькі ў сваёй сутнасці накіраваны на аптымізацыю свайго быцця і сваёй дзейнасці ў паўсюдным Касцёле, вядзе да пэўных змен альбо ўдасканальвання.
У сучасным свеце шэсць гадоў — вялікі прамежак часу, і, каб не страціць кантакт, трэба ў пэўным сэнсе няспынна “будаваць мост” паміж вернасцю харызме і зменамі ў свеце, у грамадстве, у канкрэтным культурным кантэксце», — дадаў кс. Віктар.
Святар паведаміў, што ў 28-м Генеральным капітуле ўдзельнічаюць каля 250 чалавек з 66 краін, хоць салезіяне прысутнічаюць амаль ва ўсіх краінах свету. Аднак «у адну структурную адзінку могуць уваходзіць некалькі краін, як гэта, напрыклад, было ў Усходняй Акрузе з цэнтрам у Маскве, куды ўваходзілі амаль ўсе краіны былога Савецкага Саюза».
220 з 250 удзельнікаў капітулу — «так званыя капітульныя айцы з правам голасу, таксама запрошаныя прадстаўнікі ў статусе назіральнікаў з правам удзелу ва ўсіх пасяджэннях і дыскусіях, запрошаныя госці і моладзь».
Салезіянскую сям’ю на Беларусі прадстаўляе на гэтым капітуле кс. Гайдукевіч як рэгіянальны настаяцель Рэлігійнай каталіцкай місіі «Таварыства святога Францішка Сальскага».
«Гонар, таму што мы, салезіяне на Беларусі, у кантэксце ўсёй Кангрэгацыі з’яўляемся вельмі маленькай рэчаіснасцю. Аднак Генеральны настаяцель выказаў жаданне, каб на гэтай важнай сустрэчы быў прадстаўнік і ад нашай краіны», — дадаў кс. Віктар.
Распарадак дня ў межах капітулу, па яго словах, «вельмі інтэнсіўны і накіраваны на тое, каб як мага больш часу прысвяціць працы».
«Вынікі сёлетняга, як і кожнага капітулу да гэтага часу, закрануць, напэўна, і салезіянскую рэчаіснасць у нашай краіне. Можа, сёлетні капітул зробіць гэта яшчэ глыбей, бо датычыцца непасрэдна духоўных сыноў кс. Боско, салезіянаў. 28-ы капітул разважае над тым, якімі салезіяне павінны быць, каб, застаючыся вернымі харызме свайго заснавальніка, яны з’яўляліся для сучаснай моладзі знакам Божай любові», — заключыў святар.