Пошук

10.03.2020 15:46   Паводле: Dominus.by / Catholic.by
Фота: news.un.org

«Я бачыў на свае вочы, як пакутуюць дзеці, якія жывуць у руінах, а не ў дамах, таму што ўсё разбурана», — сказаў францішканін айцец Луфці 5 сакавіка ў інтэрв’ю CNA. Святар імкнуўся стварыць месца, дзе дзеці з Алепа, многя з якіх пакутавалі ад трывогі, дэпрэсіі і посттраўматычнага стрэсу, былі б у бяспецы і маглі вылечыцца.

«Многія з алепскіх дзяцей пакутуюць ад пасляваеннай траўмы. Многія з іх страцілі бацькоў, некаторыя былі пакалечаны, хтосьці страціў рукі ці ногі. Гэтыя дзеці баяцца ўсяго», — дадаў францішканін, словы якога цытуе Dominus.by.

У 2017 г. айцец Луфці стварыў у Алепа францішканскі Цэнтр апекі, у якім ажыццяўляецца лячэнне посттраўматычных расстройстваў.

З гэтага часу яго штат клінічных псіхолагаў, валанцёраў і сацыяльных работнікаў абслужыў каля 1500 сірыйскіх дзяцей ва ўзросце 6–17 гадоў. Акрамя псіхалагічнай апамогі, цэнтр праводзіць арт-тэрапію і аздараўленчыя мерапрыемствы, дзе дзеці займаюцца жывапісам, скульптурай, музыкай, тэатрам, баскетболам і плаваннем. Таксама ў цэнтры праводзяцца трэнінгі для бацькоў, прысвечаныя таму, як найлепшым чынам клапаціцца аб псіхалагічным здароўі дзіцяці і падтрымліваць яго падчас лячэння.

Па дадзеных ААН, з пачатку сакавіка 2011 года ў грамадзянскай вайне ў Сірыі загінулі каля 500 тысяч чалавек. На працягу 8 гадоў 5,6 млн бежанцаў пакінулі краіну, а яшчэ 6,1 млн сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі.

Баявыя дзеянні ў сірыйскай правінцыі Ідліб, што на захад ад правінцыі Алепа, прывялі да таго, што са снежня 2019 г. амаль 1 млн чалавек былі вымушаны пакінуць свае дамы. Паўстанцы, якіх падтрымлівае Турцыя, выступаюць супраць наступлення сірыйскага ўраду, які падтрымлівае Расія, у гэтай правінцыі, якая з’яўляецца апошняй тэрыторыяй Сірыі, што ўтрымліваецца паўстанцамі.

Спыненне агню ў правінцыі, падпісанае лідарамі Расіі і Турцыі, увайшло ў сілу 6 сакавіка.

Айцец Луфці пасля 12 гадоў прабывання ў Сірыі пераехаў у Ліван. Ён заявіў, што зараз у правінцыі Ідліб знаходзяцца двое францішканскіх манахаў. «Яны клапоцяцца аб маленькай хрысціянскай супольнасці, якая налічвае каля 300 сем’яў, і яны таксама клапоцяцца аб многіх мусульманах, якія пазбегнулі бамбардзіровак, — сказаў святар. — Яны як сапраўдныя францішкане — нашы героі, якія знаходзяцца ў самай цяжкай і драматычнай сітуацыі ў Сірыі».

Многія дзеці, якія нарадзіліся ў Сірыі ва ўмовах бамбардзіровак і хаосу вайны, так і не атрымалі пасведчанняў аб нараджэнні, таму што іх нараджэнне не было зарэгістравана ўрадам. Каб даць гэтым забытым дзецям ідэнтычнасць, францішкане ва Усходнім Алепа адкрылі праект «Імя і будучыня».

«Мы клапоцімся аб гэтых дзецях, і мы далі ім афіцыйную рэгістрацыю... У нас у кожным цэнтры па 500 дзяцей», — кажа манах.

Сярод тых, аб кім клапоцяцца францішкане ў цэнтрах Алепа, ёсць таксама кінутыя маладыя людзі з сіндромам Дауна і аўтызмам, цяжарныя жанчыны, якім патрэбна дапамога.

Айцец Луфці спадзяецца на працяг гэтага праекту, таму што эканамічная сітуацыя ў Сірыі вельмі кепская, а значыць вельмі шмат людзей маюць патрэбу ў дапамозе.

Францішканскі Цэнтр дапамогі ў Алепа — адзін з праектаў, якія фінансуе Каталіцкі Касцёл з ахвяраванняў Вялікай пятніцы.

Збор ахвяраванняў у сёлетнюю Вялікую пятніцу, які пройдзе 10 красавіка, пойдзе на дапамогу каталіцкім святыням на Святой Зямлі, а таксама ў Сірыі, Ліване, Іраку і іншых краінах рэгіёна.

Вялікая частка ахвяраванняў знаходзіцца ў распараджэнні Францішканскай кустодыі Святой Зямлі, якая з’яўляецца адной са старэйшых і буйнейшых каталіцкіх установаў Святой Зямлі. Правінцыя была заснавана святым Францішкам Асізскім у 1217 г., праз 8 гадоў пасля заснавання ім ордэну францішканаў.

Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў таксама выкарыстоўвае працэнт ад збору ахвяраванняў у Вялікую пятніцу для падтрымкі фармацыі кандыдатаў да святарства на Блізкім Усходзе.

«Вы добра ведаеце, якія суровыя выпрабаванні выпалі на долю Касцёла на Святой Зямлі і на ўсім Блізкім Усходзе на працягу стагоддзяў», — сказаў прэфект Кангрэгацыі кардынал Леанардо Сандры ў сваім звароце.

«Доўгія і знясільваючыя войны працягваюць спараджаць мільёны бежанцаў і аказваць моцны ўплыў на будучыню цэлых пакаленняў.

Яны пазбаўлены самых элементарных дабротаў — такіх, як права на мірнае дзяцінства, на гарманічную школьную адукацыю, прысвячэнне свайго юнацтва пошукупрацы і стварэнню сям’і, на адкрыццё свайго паклікання, на працавітае і годнае дарослае жыццё і на спакойную старасць», — кажа кардынал. Касцёл працягвае працаваць над тым, каб захаваць хрысціянскую прысутнасць і даць голас тым, хто не мае яго.

Абноўлена 10.03.2020 15:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.