8 сакавіка пачнецца 14-ы Чэмпіянат свету па футболе сярод духавенства Clericus Cup. У спаборніцтвах прымуць удзел святары і семінарысты, якія вучацца ў рымскіх універсітэтах.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дэвіз сёлетняга чэмпіянату — «Бог і гол» (God & Gol). На прэс-канферэнцыі 27 лютага будуць прадстаўлены 16 каманд, якія складаюцца з духавенства некалькіх дзясяткаў краін. Падчас яе таксама пройдзе жараб’ёўка групавога этапу. Сёлета спаборніцтвы адбываюцца пры падтрымцы каталіцкага руху «Рыцары Калумба», які адзначае 100-годдзе сваёй працы ў Рыме.
Гісторыя чэмпіянату бярэ пачатак у 2007 г., а яго стваральнікам з’яўляецца кардынал Тарчызіо Бэртонэ, былы Дзяржсакратар Яго Святасці.
Сёння спаборніцтвы арганізуе італьянскі Centro Sportivo Italiano ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Папскай радай па культуры і Канферэнцыяй Біскупаў у Італіі.
Часцей за ўсіх уладальнікам Кубка станавілася каманда Папскага калегіума «Урбаніяна», якая трыумфавала чатыры разы.