Пошук

25.02.2020 18:03   Тэкст: Мэт Хадро / CNA / Пераклад: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by
Фота: cdn.theatlantic.com

У той час як Каталіцкі Касцёл вучыць, што здзяйсненне аборту з’яўляецца заўсёды амаральным учынкам (забойствам), большасць католікаў ЗША не лічаць аборт па сваёй сутнасці злом і кажуць, што ён павінен быць законным ва ўсіх або ў большасці выпадкаў.

Паводле апытання RealClear Opinion Research, спонсарам якога з'яўляецца EWTN і якое было апублікавана ў панядзелак, 47% католікаў у ЗША лічаць, што аборт — гэта «ўнутранае зло», у той час як 53% прытрымліваюцца іншага меркавання. Большасць — 51% — кажуць, што аборт павінен лічыцца законным ва ўсіх або ў большасці выпадкаў, прычым 31% мяркуюць, што ён павінен лічыцца законным, за выключэннем выпадкаў з познім тэрмінам, а 20% кажуць, што ён заўсёды павінен лічыцца законным.

У студзені было праведзена апытанне 1512 зарэгістраваных каталіцкіх выбаршчыкаў, каб даведацца пра меркаванне католікаў у ЗША па цэлым шэрагу пытанняў, уключаючы палітычную прыналежнасць, пытанне абортаў і рэлігійных практык.

Амерыканскія католікі былі крыху менш схільныя падтрымліваць легальныя аборты, чым амерыканцы ў цэлым. Паводле апытання Gallup, 25% амерыканцаў думаюць, што аборты павінны лічыцца «законнымі пры любых абставінах», у той час як такую пазіцыю займаюць 20% католікаў. Але калі 21% амерыканцаў сцвярджаюць, што аборты павінны лічыцца «незаконнымі ва ўсіх абставінах», толькі 11% католікаў так думаюць.

Майкл Нью, запрошаны прафесар сацыяльных даследаванняў і палітычных навук у Каталіцкім універсітэце Амерыкі, сказаў CNA, што рэлігійная практыка («наведванне Імшы»), а не самаідэнтыфікацыя, з'яўляецца самым моцным прэдыктарам меркаванняў на тэму аборту. 

Сярод католікаў, якія наведваюць Імшу не радзей аднаго разу ў тыдзень, большасць (55%) адказалі, што аборты павінны быць забароненыя ва ўсіх або ў большасці выпадкаў.

Больш за трэць такіх вернікаў (35%) сказалі, што аборт павінен лічыцца незаконным, за выключэннем выпадкаў згвалтавання, інцэсту або «каб выратаваць жыццё маці». 20 працэнтаў сказалі, што аборты заўсёды павінны лічыцца незаконнымі.

Між тым 20% тых, хто ўдзельнічае ў Імшы кожны тыдзень, заявілі, што аборт павінен лічыцца законным ва ўсіх выпадках, а 22% — што ён павінен быць законным, за выключэннем выпадкаў з познім тэрмінам.

Сярод католікаў, якія кажуць, што яны прымаюць усё, чаму вучыць Каталіцкі Касцёл, і што іх жыццё адлюстроўвае касцёльнае вучэнне, значная колькасць (27%) сказалі, што аборт павінен лічыцца законным ва ўсіх выпадках, і 15% — што ён павінен лічыцца законным, за выключэннем выпадкаў позняга аборту. Большасць заявіла, што аборты павінны быць забароненыя ва ўсіх або ў большасці выпадкаў.

У той час як яны застаюцца падзеленымі па пытанні аб законнасці абортаў, значна большая колькасць католікаў, якія наведваюць нядзельную Імшу або кажуць, што прымаюць усё, чаму вучыць Каталіцкі Касцёл, таксама лічаць аборт «сутнасным злом».

71% католікаў, якія кажуць, што прымаюць усё вучэнне Касцёла, лічаць, што аборт — унутранае зло. 66% тых, хто кожны тыдзень наведвае Імшу, адказалі такім жа чынам — нашмат больш, чым 47% католікаў у цэлым.

Як адзначыў Майкл Нью у размове з CNA, «тэрмін "сутнаснае зло" не так часта выкарыстоўваецца ў грамадстве», таму можа здавацца «неапраўдана суровым» для апісання абортаў, калі католікі не вельмі добра разбіраюцца ў мове маральнай тэалогіі.

Католікі пакаленняў X, Y і Z толькі крыху менш схільныя, чым католікі пакалення «бумераў» і «маўчуноў», верыць, што аборт — гэта сутнаснае зло. Лацінаамерыканскія католікі прытрымліваюцца пункту гледжання на аборты, аналагічныя католікам у цэлым; 21% сказалі, што аборт павінен лічыцца законным ва ўсіх выпадках, 32% — што ён павінен лічыцца законным, за выключэннем выпадкаў у канцы тэрміну. Толькі 48% заявілі, што аборт — гэта сутнаснае зло.

Перакананні пра аборт значна адрозніваюцца ў залежнасці ад таго, да якіх палітычных партый належаць апытаныя.

Католікі, якія ідэнтыфікуюць сябе з рэспубліканцамі, былі больш схільныя казаць, што аборт — гэта ўнутранае зло, і 63% адказалі такім чынам. У гэтай падгрупе толькі 37% сказалі, што ён павінен лічыцца законным заўсёды або доўгую частку часу, тады як 61% сказалі, што яго трэба лічыць незаконным увесь час.

Дзве трэці католікаў, якія ідэнтыфікуюць сябе як дэмакраты, заявілі, што аборты павінны лічыцца законнымі ва ўсіх або ў большасці выпадкаў, у параўнанні з 37% рэспубліканцаў. Між тым толькі 36% католікаў-дэмакратаў, у параўнанні з 63% католікаў-рэспубліканцаў, сказалі, што аборт — гэта ўнутранае зло.

Абноўлена 26.02.2020 08:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.