Пошук

07.02.2020 10:33   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: Reuters / Scanpix

Пасля таго, як 30 студзеня апеляцыйны суд у Францыі зняў абвінавачванне з арцыбіскупа Ліёнскага кардынала Філіпа Барбарэна, іерарх даў першае за апошнія тры гады інтэрв’ю, у якім прызнаў сваю памылку.

«Як грамадзянін я быў рэабілітаваны, але ў грамадскім меркаванні назаўжды застануся як той, хто па справядлівасці не інфармаваў пра тыя жудасныя злачынствы, а магчыма, нават як той, хто іх затушоўваў», — цытуе французскага кардынала польская рэдакцыя парталу Vatican News.

Суд першай інстанцыі прызнаў Філіпа Барбарэна вінаватым у неданясенні аб сексуальным выкарыстанні непаўнагадовых, учыненым у мінулым адным са святароў Ліёнскай архідыяцэзіі. Іерарх не згадзіўся з абвінавачваннем і падаў апеляцыю. Суд вышэйшай інстанцыі адмяніў прысуд і прызнаў іерарха невінаватым.

Кардынал Барбарэн прызнаўся, што за гэтыя гады шмат перажыў і лепш зразумеў, што давялося выцерпець ахвярам выкарыстанняў.

Ён выказаў упэўненасць у тым, што як яго справа, так і ўсе выяўленыя выпадкі выкарыстання ў Касцёле прывялі да абуджэння ў Францыі паўсюднай свядомасці і дапамогуць выкараніць гэтае зло ў іншых сектарах грамадства. Іерарх падкрэсліў, што праблемы, з якімі ён сутыкнуўся ў мінулыя гады, нішто ў параўнанні з цярпеннямі, якія на працягу доўгіх гадоў зносілі ахвяры.

Разам з тым кардынал падкрэсліў, што ён асабіста ніколі нічога не затушоўваў. Калі яму як Ліёнскаму арцыбіскупу станавілася вядома пра выпадкі выкарыстання, ён заўжды рэагаваў у адпаведнасці з працэдурамі.

У справе, за якую яго судзілі, іерарх прызнае сваю памылку.

Гаворка ідзе пра выпадкі, якія мелі месца больш за 20 гадоў таму, у сувязі з чым мінуў тэрмін іх даўніны паводле французскага заканадаўства. Кардынал Філіп Барбарэн памылкова палічыў, што справа была ўрэгулявана яго папярэднікамі, а ён сам задаволіўся запэўненнем у тым, што з таго часу той святар больш не парушаў закон.

«Мне не хапіла адвагі і рашучасці», — прызнае французскі кардынал.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.