Пошук

06.12.2019 14:49   Падрыхтаваў: Кс. Аляксандр Улас / Паводле: catholicnewsagency.com / Catholic.by
Фота: avatars.mds.yandex.net

Венгрыя падтрымлівае палітыку ў абарону сям’і, таму што яе хрысціянская ідэнтычнасць пастаўлена на карту.

«Калі мы адмовімся ад нашага хрысціянства, то мы згубім нашу ўласную ідэнтычнасць як венгры, як еўрапейцы», — сказала ў інтэрв’ю агенцтву CNA Каталін Новак, дзяржаўны міністр Венгрыі па справах сям’і. У сераду яна выступіла на другой штогадовай канферэнцыі па сямейнай палітыцы на Капіталійскім узгорку, арганізаванай сумесна з пасольствам Бразіліі.

Узровень нараджальнасці ў Венгрыі значна ніжэй за ўзровень узнаўлення насельніцтва; агульны каэфіцыент нараджальнасці складае 1,48 на адну жанчыну.

Гэта прымушае задумацца пра будучыню. «У нас наперадзе дэмаграфічная праблема», — сказала Новак CNA. У 2011 г. узровень нараджальнасці ў краіне склаў усяго 1,23, і гэта прымусіла ўрад задаць сабе пытанні: «Якая прычына гэтай з’явы?» і «Як мы можам дапамагчы?»

Зараз адміністрацыя прэм’ер-міністра Віктара Орбана прапанавала план дзеянняў па абароне сям’і з сямі пунктаў са стымуламі для заключэння шлюбу і нараджэння дзяцей. Невядома, наколькі гэты план і яго рэалізацыя паўплывае на павелічэнне нараджальнасці. Але, як кажа Каталін Новак, «мы ўпэўнены, што наша будучыня заключаецца ў моцных сем’ях».

Магчыма, нават больш важнай для моцных сем’яў, чым фінансавыя стымулы, з’яўляецца культура, якая стымулюе і нармалізуе нараджальнасць.

«Мы занадта шмат гаворым пра грошы, на самой справе, — адзначыла Новак. — Нараджэнне дзяцей — гэта не пытанне грошай».

Дзяржава імкнецца стварыць культуру, якая з’яўляецца больш гасціннай для сем’яў. Яна ўпершыню паспрабавала зрабіць гэта, замацаваўшы ў законе пэўныя каштоўнасці, якія падтрымліваюць сям’ю і жыццё.

Венгрыя была хрысціянскай краінай з часоў свайго першага караля Стэфана, нагадала міністр, і палітыка дзяржавы адносна сям’і павінна быць адлюстраваннем гэтага ў выхаванні «моцнай ідэнтычнасці».

У 2011 г. венгерскі парламент прыняў асноўны закон, які прызнаў хрысціянскія карані нацыі і пацвердзіў «недатыкальнасць» чалавечай годнасці, «права на жыццё» кожнага чалавека і абарону жыцця «з моманту зачацця», шлюб як дабравольны саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны, «сям’ю як аснову выжывання нацыі» і абарону інвалідаў. Акрамя таго, зараз дзяржава публічна заяўляе, што «жыццё — гэта дар», а нараджэнне дзяцей — «жыццёвая прыгода».

Таксама Венгрыя лічыць, што асноўнай часткай яе хрысціянскай ідэнтычнасці з’яўляецца аказанне дапамогі хрысціянскім ахвярам пераследу ў іншых краінах. У Іраку ўрад дапамог перасяліць хрысціянскіх ахвяраў генацыду з дапамогй развіцця адпаведнай праграмы, прапанаваўшы для гэтага больш за 3 млн даляраў.

Права на жыццё з моманту зачацця — асноўная частка ўсёй гэтай акцыі. Магчыма, таму колькасць абортаў у краіне знаходзіцца на самым нізкім зарэгістраваным узроўні, але Новак упэўнена, што ў далейшым неабходная дадатковая праца. Па яе словах, падыход дзяржавы да падтрымкі справы абароны жыцця заключаецца ў прызнанні жыцця ненароджаных з дапамогай сямейнай грашовай дапамогі. Да другога трыместру цяжарнасці жанчыны ўжо маюць права атрымаць гэтую дапамогу.

Таксама дзяржава прызнае важнасць спрыяльнага для сям’і працоўнага месца і стараецца шчодра ўзнагародзіць працадаўцаў, якія задзейнічаны ў так званай сямейнай палітыцы.

У той час, як іншыя краіны разглядаюць іміграцыю як магчымасць вырашыць дэмаграфічную праблему, міністр Новак перасцерагае перад такім яе разглядам у якасці доўгатэрміновай падтрымкі будучыні краіны. «План сям’і» Орбана з сямі пунктаў быў прапанаваны як альтэрнатыва іміграцыі, і менавіта ён лічыцца прымальным рашэннем для будучыні. 

Абноўлена 06.12.2019 15:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.