4 снежня Каталіцкі Касцёл у Бельгіі апублікаваў штогадовы рапарт, з якога вынікае, што толькі каля чвэрці каталіцкіх святароў у гэтай пераважна каталіцкай краіне маладзейшыя за 65 гадоў.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, толькі 26,6% бельгійскіх ксяндзоў не дасягнулі пенсійнага ўзросту 65-і гадоў.
Паводле прыведзеных статыстычных дадзеных, больш за палову духоўных асобаў, якія нясуць служэнне ў Бельгіі, старэйшыя за 75 гадоў, што складае 51,4% ад агульнай колькасці святароў у гэтай краіне.
Пададзеная ў рапарце агульная лічба бельгійскіх святароў, якія адносяцца да дыяцэзіяльнага духавенства, у актуальны момант складае 2301. Каля паловы з іх нясе актыўнае душпастырскае служэнне. У бельгійскіх дыяцэзіях задзейнічаны 381 святар, які паходзіць з-за мяжы.
Законнікаў і манахаў у бельгійскім Касцёле 2046, і з іх 374 нясуць служэнне ў парафіяльным душпастырстве.
Сярод сталых дыяканаў каля 60% старэйшыя за 65 гадоў, а 22% маюць ужо за 75.
Заўважную ролю ў місіі Касцёла ў Бельгіі адыгрываюць свецкія асобы, колькасць якіх у розных касцёльных структурах складае каля дзвюх тысяч чалавек.
1055 з іх так ці інакш задзейнічаны ў душпастырстве сваіх дыяцэзій, 550 працуюць у дабрачынным таварыстве Caritas і яшчэ 433 служаць у іншых касцёльных структурах.
Для параўнання, сярэдні ўзрост святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сёння складае 43 гады. Наогул жа ў Касцёле на Беларусі нядаўняя дынаміка зніжэння сярэдняга ўзросту духавенства, якая назіралася ў апошнія два дзесяцігоддзі, у актуальны момант змяніла кірунак, хоць у нас «старэнне» святароў адбываецца значана павольней, чым у Заходняй Еўропе.