Пошук


19 верасня ў Мінску прайшла першая пасля летняга перапынку сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якую правёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Распачалася сустрэча духавенства, як звычайна, супольнай малітвай Літургіі гадзінаў, пасля чаго кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч прамовіў даклад, у якім засяродзіўся на сучасных пагрозах для сям’і. Адказ на гэты выклік нашага часу павінен даць Касцёл, у сувязі з чым абавязак святароў рашуча адстойваць сямейныя каштоўнасці, паколькі ад моцнай сям’і ўжо сёння залежыць будучыня нашай краіны.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у інтэнцыі спачылага бацькі ксяндза Уладзіслава Лазара Міхаіла, пахаванне якога адбывалася ў гэты дзень.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на непрамінальнай важнасці святарскага служэння.

Ён паведаміў, што па падліках, зробленых канцлерам курыі кс. Дзмітрыем Пухальскім, сярэдні ўзрост святароў архідыяцэзіі сёння складае 43 гады.

«Але маладосць — гэта тое, што хутка мінае. Таму ўжо цяпер нам неабходна паклапаціцца пра тых, хто прыйдзе на ніву Пана пасля нас.

Святара ніхто не заменіць у ягоным служэнні, таму душпастырства пакліканняў — гэта адзін з найбольш важных прыярытэтаў Касцёла», — падкрэсліў арцыпастыр.

Ён прывёў прыклад святой памяці ксяндза Юзафа Булькі, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне», які, сам не правёўшы ніводнага дня ў духоўнай семінарыі, змог выхаваць цэлую плеяду святароў. Арцыбіскуп Кандрусевіч заахвоціў браць з яго прыклад, каб кожны святар дапамог рэалізавацца новым пакліканням да святога служэння.

        

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, на якой арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў духавенству і кансэкраваным асобам за правядзенне летніх душпастырскіх мерапрыемстваў у архідыяцэзіі: Будслаўскага фэсту, Малітоўнай сустрэчы моладзі і Парафіяды ў Івянцы, рэкалекцый па распазнанні паклікання ў Лебедзеве і іншых. Пры гэтым ён адзначыў, што вельмі важна таксама і летам займацца душпастырскай працай, якая павінна быць няспыннай.

Арцыпастыр звярнуў увагу на тое, што некаторым парафіям, асабліва ва ўсходняй частцы архідыяцэзіі, патрэбна дапамога.

У сувязі з гэтым Святарскай радзе дадзена заданне распрацаваць канкрэтныя механізмы дапамогі, адным з якіх можа стаць стварэнне спецыяльнага фонду ўзаемадапамогі.

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы былі абмеркаваны таксама іншыя надзённыя пытанні душпастырства ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Было паведамлена, што неўзабаве пад Мінскам пройдуць рэкалекцыі для святароў, а таксама адзначана, што Касцёл не забараняе вернікам браць удзел у перапісе насельніцтва, які будзе праводзіцца ў Беларусі ў кастрычніку.

Наступная пастырская сустрэча пройдзе 24 кастрычніка ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл).

Абноўлена 20.09.2019 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа