Пошук

19.09.2019 13:06   Catholic.by
Фота кс. Аляксандра Уласа

Вядома, што з 4 па 30 кастрычніка ў Беларусі будзе праводзіцца чарговы перапіс насельніцтва, у сувязі з чым многіх вернікаў цікавіць пытанне, як да гэтага ставіцца і ці можна ў ім удзельнічаць.

Падобныя пытанні ўзнікаюць ужо не ўпершыню.

Рэч у тым, што ў Святым Пісанні, а менавіта ў Першай кнізе Кронікаў, апавядаецца пра перапіс насельніцтва, арганізаваны каралём Давідам, як пра цяжкі грэх, за які быў сурова пакараны цэлы народ (гл. 1 Кр 1, 21).

Спасылаючыся на гэты біблійны тэкст, некаторыя сцвярджаюць, што вернікам нельга ўдзельнічаць у перапісе насельніцтва.

Аднак у Новым Запавеце, а менавіта ў Евангеллі паводле святога Лукі, мы знаходзім звесткі пра тое, што Маці Езуса Марыя і Яе Абраннік святы Юзаф удзельнічалі ў перапісе насельніцтва, які рымскія ўлады праводзілі ў сваёй Сірыйскай правінцыі, да якой належала і тагачасная Палестына.

Для ўдзелу ў перапісе Марыя з Юзафам скіраваліся з Назарэта, дзе жылі, у горад Бэтлеем, адкуль паходзіў род караля Давіда, да якога належаў Юзаф. Менавіта пры такіх абставінах і адбылося Нараджэнне Хрыста (гл. Лк 2, 1–7).

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, каб развеяць усе звязаныя з перапісам насельніцтва сумневы вернікаў, падчас сустрэчы духавенства ў мінскім катэдральным касцёле 19 верасня падкрэсліў:

«Касцёл не мае нічога супраць удзелу католікаў у перапісе насельніцтва.У гэтым пытанні людзі вырашаюць самі, як ім паступіць. Удзел у перапісе насельніцтва ў любым выпадку не з’яўляецца грахом, і той, хто дабравольна ў ім удзельнічае, не выклікае такім чынам Божага пакарання».

Абноўлена 20.09.2019 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа