Пошук

04.12.2019 16:01   Падрыхтаваў: Кс. Аляксандр Улас / Паводле: catholicnewsagency.com / Catholic.by
Фота: kevinwhiteman.com

Біскуп Джон Фан Сіняо на сустрэчы па абмеркаванні пытання аб рэлігіі ў Кітаі, якая адбылася ў Пекіне на мінулым тыдні і спонсарам якой была камуністычная партыя краіны, заявіў, што кітайскія католікі павінны ставіць сваю вернасць дзяржаве вышэй за сваю веру.

«Любоў да Радзімы павінна быць большая, чым любоў да Касцёла, і закон краіны стаіць вышэй за кананічнае права», — сказаў іерарх на 26-й палітычнай кансультатыўнай канферэнцыі па рэлігіі.

Біскуп Джон Фан Сіняо/ Фота: cppcc.gov.cn

Біскуп Джон Фан Сіняо ўзначальвае дыяцэзію Ліньі, якая знаходзіцца на ўсходнім узбярэжжы Кітая ў правінцыі Шаньдун. Таксама ён з’яўляецца старшынёй Кітайскай каталіцкай патрыятычнай асацыяцыі, якая спансіруецца дзяржавай, — каталіцкай групы, якая існавала ў расколе з Апостальскай Сталіцай да заключэння ў мінулым годзе спрэчнага ватыкана-кітайскага пагаднення. Гэтае пагадненне дало камуністычным чыноўнікам права голасу падчас прызначэння каталіцкіх біскупаў і права навязваць «сініцызацыю» мясцовай каталіцкай практыцы.

Акрамя таго, біскуп Джон Фан Сіняо з’яўляецца намеснікам старшыні Рады кітайскіх біскупаў і членам Пастаяннага камітэту Кітайскай народнай палітычнай кансультатыўнай канферэнцыі. Ён быў упершыню прызначаны біскупам у 1994 г. кітайскім урадам.

На працягу дзесяцігоддзяў Касцёл у краіне быў падзелены паміж Кітайскай патрытычнай каталіцкай асацыяцыяй і падпольным Касцёлам, які знаходзіўся ў поўнай еднасці са Святым Пасадам.

Пагадненне паміж Ватыканам і Кітаем у 2018 г., дэталі якога не былі абнародаваны, было паклікана аб’яднаць дзве касцёльныя супольнасці, хоць шматлікія паведамленні з Кітая ўказваюць, што святары і свецкія вернікі, якія адмаўляюцца наведваць дзяржаўныя святыні, сутыкаюцца з ростам пераследу.

Прэзідэнт Сі Цзыньпін пачаў усеабдымную кампанію па перадачы рэлігіі ў Кітаі пад кантроль камуністычнай партыі. У 2016 г. ён выступіў з прамовай на нацыянальнай канферэнцыі, дзе патлумачыў сваё патрабаванне «сініцызацыі» рэлігіі, або намаганні, каб рэлігія адпавядала кітайскай культуры і лініі кампартыі краіны.

Фота: cms.qz.com

У правінцыях Цзянсі і Фуцзянь на ўсходзе Кітая святары, якія адмовіліся падпісваць пагадненні, якія абавязваюць іх выконваюць прадпісанні ўраду, былі вымушаны пакінуць свае дамы, а іх касцёлы былі зачынены. Урад забараніў гэтым святарам падарожнічаць, і многія вымушаны хавацца.

У адпаведнасці з «Палажэннем аб рэлігійных справах», якое ўступіла ў сілу з лютага 2018 г., «несанкцыянаваныя» рэлігійныя вучэнні былі фактычна забаронены ў Кітаі.

Рэлігійны пераслед у краіне ў апошнія месяцы і гады няўхільна павялічваўся. Дайшло да таго, што сёлета Цэрквам, якія належаць да дзяржаўнага пратэстанцкага руху Кітая, было загадана замяніць плакаты з дзесяццю запаведзямі выказваннямі прэзідэнта.

З 2013 г. у межах намаганняў па «сініцызацыі» хрысціянства былі зняты крыжы прыкладна з 1500 святыняў, як каталіцкіх, так і пратэстанцкіх.

Новыя абмежаванні былі ўведзены ўрадам у лютым 2018 г., яны робяць незаконным уваход у святыню для любога чалавека ва ўзросце да 18 гадоў.

У мінулым месяцы кітайскія ўлады разбурылі касцёл, заявіўшы, што будынк не меў адпаведных дазволаў. Як паведамлялася падчас пратэстаў католікаў у гэтым касцёле, кітайскія афіцыйныя асобы сцвярджалі, што «Ватыкан быў на нашым баку» і падтрымлівае разбурэнне гэтых святыняў.

Абноўлена 04.12.2019 16:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа